Стартаваў фотаконкурс «Мой Максім Багдановіч»
Час няўхільна бяжыць наперад, аддаляе нас ад лёсавызначальных падзей гісторыі, велічных артэфактаў ды знакавых асобаў, без якіх мы не змаглі б уявіць сябе цяперашніх. Але, што мы пабачым, калі азірнемся назад, калі прымружыўшы вочы пастараемся нешта разглядзець за туманам мінуўшчыны. Нейкім магічным чынам, рэчы, пра якія мы ведаем яшчэ са школы, ці і таго раней, па набліжэнні пачнуць размывацца, губляць свае ўстойлівыя абрысы. І, чым большая з’ява, тым болей будзе інтэрпрэтацый, міфалогіі, наўмысных і ненаўмысных скажэнняў.
Хутчэй за ўсё аднае праўды знайсці не атрымаецца, але калі не жадаеце, каб за вас вам прыдумлялі яе іншыя, варта прыкласці колькі намаганняў, каб знайсці для сябе сваю гісторыю, сваю Беларусь, свайго Максіма Багдановіча, чалавека, без якога немагчыма ўявіць нашу краіну. На яго творах «Зорка Венера», «Апокрыф», «Пагоня» і іншых мы з дзяцінства вучыліся мастацтву любові, прыгажосці, вернасці Радзіме. Але хто такі Багдановіч? Хто для кожнага з нас Максім?
Літаратурны музей Максіма Багдановіча прапаноўвае прыняць удзел у фотаконкурсе “Мой Максім Багдановіч” і адказаць на гэтае пытанне самастойна. Паспрабаваць на ўзроўні адчуванняў зразумець паэта і адлюстраваць сваё бачанне з дапамогай фотаапарата.
Прымаюцца працы па наступных тэматычных накірунках:
– мясціны, звязаныя з Максімам Багдановічам;
– мастацкае прачытанне твораў Максіма Багдановіча;
– асацыятыўны партрэт Максіма Багдановіча.
Для ўдзелу ў конкурсе прадстаўляюцца дакументальныя і мастацкія фотаработы, выкананыя ў розных тэхніках. Колькасць работ ад аднаго заяўленага ўдзельніка не абмежавана. З палажэннем Конкурса і тэхнічнымі патрабаваннямі да работ можна азнаёміцца на сайце Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
Адрас для карэспандэнцыі:
Літаратурны музей М.Багдановіча, 220029, г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.
Для больш падрабязнай інфармацыі звяртацца па тэл. 8-017-334-42-69.
maksimbagdanovich@gmail.com, maksimbagdanovich@rambler.ru
Паводле прэс-рэліза