У беларускую роту тэрабароны Украіны ўступілі сямёра маладафронтаўцаў

Адзін з іх — кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. У беларускай роце ён атрымаў пазыўны «Ваўкалак», піша радыё, якое беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

5c606727_77df_4ec5_8432_ff3fae71e425_w1023_r1_s_d4vj5.jpg

Кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч з'ехаў ва Украіну напрыканцы 2021 году праз пераслед у Беларусі.

Пра першы дзень вайны Урбановіч успамінае так: «Спаў, чую — раз бахнула, потым другі. Мяне пабудзілі, кажуць: гэта расейскія ракеты. Залез у інтэрнэт, бачу, што Расея напала на Украіну. Сталі перазвоньвацца са сваімі хлопцамі, куды далучацца. Ідзем на вайну? Ідзем, адказваюць».

Дзяніс кажа, што акурат гэтымі днямі меўся пераязджаць у Літву, меў адтуль запрашэнне. Тым не менш падкрэслівае: нават калі б з'ехаў, то ўсё адно вярнуўся б назад ва Украіну.

«Нас тут толькі маладафронтаўцаў сямёра чалавек. Усіх падрабязнасцяў расказваць не магу, але праходзім падрыхтоўку», — кажа Дзяніс.

Урбановіч толькі што адбыў дзённы нарад. Па галасах у казарме чуваць, што хлопцы ставяцца да ўсяго з гумарком, даносіцца шмат жартаў і смеху. Пры кожнай паветранай трывозе знікае інтэрнэт.

«Настрой у нас бадзёры. Верым, што пераможам Расею, а пасля вызвалім Беларусь. Думаю, усё так і будзе. Галоўнае сёння для нас — скончыць з пуцінскай уладай, бо яна — апора для дыктатур і ў сябе, і ў Менску», — кажа ён.

У беларускай роце тэрытарыяльнай абароны «Азова» Урбановіч атрымаў пазыўны «Ваўкалак». На баявыя дзеянні яго з таварышамі пакуль не адпраўлялі.

«Я не заўважаю, што стаўленне да беларусаў пагоршылася. Чуў, што нехта такое кажа, але сам асабіста з такім не сутыкаўся нідзе. Усё крута, нас добра ўспрымаюць, ніякіх пытанняў няма», — кажа Урбановіч.