У Брэсце працягваецца ціск на праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода

Міліцыянты затрымалі сына Майсея Мазько, праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. Хоць падчас ператрусу ў таго нічога не знайшлі.

pratest_akb.jpg


Як піша ў фэйсбуку брэсцкі актывіст Аляксандр Абляк, ноччу з 4 на 5 красавіка супрацоўнікі міліцыі затрымалі сына Дзяніса праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам Майсея Мазько. На апошняга распачата крымінальная справа. Майсей Мазько цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання з вечара 2 красавіка.

Вядома, што ўвечары дома ў Мазько быў праведзены ператрус, па выніку якога не было знойдзена забароненых рэчываў. Пасля гэтага затрымалі Дзяніса Мазько. Як паведаміў брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк "Радыё Свабода":

«Пры падтрымцы АМАПу і службовай сабакі правялі ператрус на надзеле, дзе размешчаны падмурак, вагончык. Нічога не знайшлі, нічога не забіралі, але позна ўвечары Дзяніса запрасілі ў Следчы камітэт, доўга дапытвалі, і а 1:30 стала вядома, што яго затрымліваюць па крымінальнай справе на трое сутак. Па той жа справе, што і Майсея».

Акрамя гэтага, як перадае брэсцкі блогер Аляксандр Кабанаў, выклікаюць у РАУС актывіста Ігара Зубіка. Таксама каля дома Таццяны Фесікавай дзяжурыць машына, у якой, меркавана, знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Нагадаем, 2 красавіка ў другой палове дня ў машыне, за рулём якой ехаў актывіст Майсей Мазько, знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, падобны па знешніх прыкметах на запаў выбуховага прыстасавання. На актывіста ўзбуджаная крымінальная справа. Ён чацвёртыя суткі знаходзіцца ў ІЧУ. Актывісты лічаць, што гэта правакацыя.
Паводле spring96.org