У Брэсце ноччу вызвалілі актывіста Майсея Мазько
Аднак крымінальную справу ў дачыненні да праціўніка акумулятарнага заводу не спынілі. Яго сын Дзяніс ўсё яшчэ пад вартай.
Апоўначы 6 красавіка на волю выйшаў актывіст Майсей Мазько, які з ночы 3 красавіка знаходзіўся ў ізалятары Ленінскага РАУС, паведаміў «БГ» праваабаронца Раман Кісляк. Праз 72 гадзіны пасля затрымання яго павінны былі або адпусціць, або змяніць меру стрымання.
У пастанове аб вызваленні сказана, што ў цяперашні час "не здабыта дастатковых звестак", якія пацвярджаюць віну Мазько.
«Мы першапачаткова сцвярджалі, што доказаў дачынення Майсея Мазько да дадзеных боепрыпасаў няма, што іх яму падкінулі. Тое, што яго не арыштавалі, а вызвалілі па заканчэнні тэрміну затрымання пацвярджае гэтую нашу пазіцыю», — пракаментаваў сітуацыю праваабаронца.
Як мы ўжо пісалі, 2 красавіка ў машыне, за рулём якой ехаў Майсей Мазько, знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, падобны па знешніх прыкметах на запал выбуховага прыстасавання. 3 красавіка была ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 295 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» КК. Зранку і ўвечары 3 красавіка прайшлі ператрусы ў доме, дзе жыве сын Мазько Дзяніс, і ў доме самога Майсея Мазько. Тады нічога не адбіралася. Уначы 5 красавіка Дзяніса Мазько затрымалі на 72 гадзіны па крымінальнай справе бацькі.
Пасля затрымання Майсея Мазько сваякі заявілі, што ў апошнія дні за Майсеем вялося сачэнне.
Машына, за рулём якой быў Майсей Мазько, не яго, а службовая, належыць жаночаму манастыру ў Брэсцкай крэпасці, у якім мужчына служыць эканомам.
Жыхар вёскі Тэльмы Брэсцкага раёна Майсей Мазько з'яўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. Ён быў у ліку першых, хто пачаў барацьбу з будаўніцтвам каля горада гэтага прадпрыемства, уваходзіць у ініцыятыўную групу па правядзенні мясцовага рэферэндуму па пытанні забароны будаўніцтва ў раёне любых свінцова-акумулятарных вытворчасцяў.
Нагадаем, учора ўвечары міліцыя паспрабавала забраць яшчэ адну актывістку кампаніі па барацьбе з акумулятарным заводам Таццяну Фесікаву, аднак суседзі і іншыя актывісты, якія сабраліся ля яе дома, не дазволілі гэтага зрабіць. Фесікавай стала дрэнна, ёй выклікалі хуткую. Цяпер яна ў кардыялогіі абласной бальніцы.
Паводле b-g.by