Берасцейцы сабраліся каля дома жанчыны, якую міліцыя спрабавала затрымаць за расклейванне ўлётак пратэсту

Жыхары Брэста працягваюць пратэсты супраць пабудовы акумулятарнага завода паблізу горада. Учора дзясяткі берасцейцаў сабраліся каля дома жанчыны, якую міліцыя спрабавала затрымаць.


У хаце доктара-неўролага Таццяны Фесікавай ў прадмесці «Сцімава» ўчора а 17.00 пачаўся агляд, санкцыянаваны пракурорам Брэсцкага раёна. Падставай для агляду стаў факт «незаконнага расклейвання улётак на адміністрацыйных будынках у вёсцы Тэльмы-1» Брэсцкага раёна, паведаміў «Брестской газете» праваабаронца Раман Кісляк.
На ўлётках было фота затрыманага 3 красавіка актывіста пратэстаў 62-гадовага Майсея Мазько, эканома мясцовага праваслаўнага манастыра. У машыне, на якой ехаў Мазько, выявілі патроны і рэчыва, падобнае да тратылу, і, хоць Мазько заявіў, што не ведае, адкуль там апынуўся той пакет, на яго завялі крымінальную справу, ён цяпер знаходзіцца ў ізалятары Ленінскага РАУС. Затрыманы на трое сутак і ягоны сын, Дзяніс Мазько. Як сказана ў пастанове аб правядзенні агляду, датычнымі да распаўсюджвання ўлётак могуць быць Таццяна Фесікава і Ігар Зубік.
Па словах Кісляка, супрацоўнікі Брэсцкага РАУС правялі агляд у доме Таццяны Фесікавай, у прысутнасці адваката ўзялі тлумачэнні. А потым прыехалі міліцыянты з Ленінскага РАУС і сказалі, што забіраюць яе. За знаходжанне на плошчы Леніна з жоўтымі шарыкамі 31 сакавіка на яе складзены пратакол па артыкуле 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» КаАП РБ. Інфармацыя пра гэта хутка распаўсюдзілася па сацсетках, і каля хаты сабраліся абураныя людзі.
Яны не далі вывезці Фесікаву. Драматызм сітуацыі быў у тым, што на месца выклікалі інспекцыю па справах непаўналетніх. Муж доктара Фесікавай у камандзіроўцы, і, калі яе забралі б, сын-падлетак застаўся б адзін дома. Людзі не разыходзіліся і настойвалі на тым, каб жанчыну выклікалі ў РАУС позвай у працоўны дзень.
Людзі вялі анлайн-трансляцыі падзей. Вось адна з іх, што сабрала пад 1000 лайкаў:


Фесікавай стала кепска, выклікалі брыгаду хуткай дапамогі, жанчыну забралі ў бальніцу. Людзі праводзілі Фесикову апладысментамі.
Следам за ёй на машынах паехалі іншыя актывісты, каб яе не затрымалі ў машыне дактароў. Каля 23.40 Фесікаву паклалі ў кардыялогію, піша сайт «Брестской газеты».
Таццяна Фесікава — адна з галоўных актывістак кампаніі супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода. Увесну мінулага года пасля выступлення на мітынгу «Берасцейкі супраць свінцу» яе звольнілі з працы — жанчына працавала неўролагам ў гарадской бальніцы. Восенню мінулага года яе аштрафавалі на 10 базавых за налепкі супраць завода.
Берасцейцы баяцца забруджвання глебаў і водаў свінцом, які ўтрымліваецца ў акумулятарах. Асабліва ўстурбаваныя жыхары заможных прыгарадных вёсак, што знаходзяцца каля будучага завода.
Улады лічаць, што пабудова акумулятарнага завода эканамічна мэтазгодная і не нанясе недапушчальнай шкоды экалогіі. На заводзе плануецца выпускаць спачатку 1 млн акумулятараў за год, а пасля павялічыць гэтыя аб'ёмы яшчэ ўдвая. Будуе прадпрыемства прыватны капітал, ААТ «Айпаўэр». На заводзе маюць працаваць 188 чалавек.
Паводле nn.by