У Гомелі пачалося будаўніцтва ўнікальнага цэнтра для інвалідаў
Штогод тут змогуць атрымліваць ўсебаковую дапамогу каля 700 чалавек.
Пачалася актыўная фаза будаўніцтва другой чаргі Дзіцячай вёскі ў Гомелі. Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць» з'яўляецца заказчыкам унікальнага для Беларусі праекта. У вёсцы-інтэрнаце з'явіцца вялікі двухпавярховы будынак інтэгратыўнага тэрапеўтычна-адукацыйнага цэнтра. Тут размесцяцца ўсе неабходныя спецыялісты, абсталяванне для працы з дзецьмі-інвалідамі і маладымі інвалідамі з усяго горада і вобласці.
У адным месцы будуць сабраныя ўсе спецыялісты, і дзеці, і маладыя інваліды, а таксама іх бацькі, якія таксама будуць атрымліваць адукацыйную дапамогу — як клапаціцца пра такіх дзяцей у сваіх дамах, сем'ях. Гэтым новы цэнтр будзе адметны, распавядае дырэктар «Карытас-Міласэрнасць» ксёндз Юры Варанко.
— Безумоўна, у краіне існуюць разнастайныя формы работы з інвалідамі, але так, каб у адным месцы, адразу і на такім узроўні — гэта будзе нешта новае для Беларусі. Будаўніцтва ўжо актыўна вядзецца, і дзякуй Богу за гэта! Спадзяемся, што такімі ж тэмпамі ўсё будзе ісці далей, і мы скончым у той час, які запланавалі.
Новы цэнтр павінен быць пабудаваны да 2021 года. Фінансаванне ў цяперашні час вядзецца, дзякуючы розным замежным каталіцкім фондам, аднак у Гомелі далей шукаюць тых, хто мог бы падтрымаць гэты важны сацыяльны праект.
Ксёндз Юрый радуецца таму, што шмат прыватных асоб з Беларусі даведаліся пра акцыю па зборы сродкаў, якая вядзецца і зараз, і пералічваюць ахвяраванні:
— Гэта зусім невялікі працэнт ад патрэбнай сумы, але гледзячы на тое, як людзі адрываюць ад сябе апошнія сродкі, разумею, што гэта не так мала, як магло б быць. Колькасць ахвяраванняў з Беларусі нават перасягнула мае чаканні. Спадзяюся, што будуць і больш сур'ёзныя ахвяраванні ад нашых устаноў, прадпрыемстваў.
Чакаецца, што ў новым цэнтры штогод змогуць атрымліваць ўсебаковую дапамогу каля 700 чалавек. Рэалізацыя гэтага праекта з'яўляецца працягам развіцця новай мадэлі, робіць унёсак у сацыяльную інтэграцыю і інклюзію дзяцей, маладых і дарослых з рознымі абмежаваннямі ў Гомелі і Гомельскай вобласці.
Праект накіраваны перш за ўсё на паляпшэнне якасці жыцця, умоў развіцця і адукацыі, а таксама атрымання якаснай рэабілітацыі і кансультавання, як дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з «Дзіцячай вёскі», так і людзей з інваліднасцю, якія пражываюць у сем'ях. Такі падыход у будучыні можа паўплываць на тое, што ў дамах-інтэрнатах будзе менш пражываць інвалідаў. Важна тое, што бацькі і сваякі людзей з інваліднасцю змогуць знайсці тут падтрымку, дапамогу ў даглядзе і абслугоўванні, а таксама неабходную кансультацыю.
Інтэгратыўны цэнтр будзе спрыяць паляпшэнню эканамічнага становішча сем'яў, у якіх жывуць людзі з інваліднасцю дзякуючы таму, што бацькі змогуць больш часу надаваць сваёй працы.
У цэнтры будуць пастаянна працаваць група ранняга развіцця, школа, майстэрні, будзе весціся праца з бацькамі і тэрапія.
Нагадаем, «Дзіцячая вёска» з'явілася ў Навабеліцкім раёне Гомеля ў 2011 годзе. Увесь комплекс пабудавала і абсталявала ўсім неабходным Дабрачынная каталіцкая Місія «Карытас-Міласэрнасць» на грошы замежных дабрачынных арганізацый і прыватных ахвярадаўцаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў. Потым на гэтай базе ў цесным супрацоўніцтве з абласным камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва быў створаны «Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця», фінансаванне якога дзяржава ўзяла на сябе.
Паводле katolik.life