Жыхары вуліцы Талбухіна судзяцца з кампаніяй-забудоўшчыкам
Жыхары вуліцы Талбухіна і праспекту Незалежнасці ў Менску судзяцца з кампаніяй-забудоўшчыкам, якая плануе высечку дрэваў у іх дварах і пабудову бізнес-цэнтру.

Людзі настойваюць на тым, што дзяржаўныя органы не правялі дастатковага даследавання мясцовасці і дазволілі будаўніцтва аб’екта нягледзячы на шматлікія парушэнні.
Разгляд справы ідзе ў судзе Маскоўскага раёна. На ім прадстаўнікі кампаніі-забудоўшчыка “Вецер” яшчэ раз прадаставілі дакументы аб тым, што атрыманы ўсе неабходныя дазволы.

Але жыхары прылеглых дамоў настойваюць на небяспецы праекту для экалогіі і ўладкавання двароў. Забудоўшчык паведаміў, што за кожнае высечанае дрэва будзе заплачана, а побач узнікнуць кампенсацыйныя зялёныя пасадкі. Але жыхары двароў не дазволілі праезд тэхнікі, якая мела высякаць дрэвы.


Жыхары не вераць забудоўшчыку і кажуць, што кампенсацыйныя пасадкі, нават калі абяцанні будуць выкананыя, не прывядуць да выніку. Моцныя дрэвы вырастуць толькі праз шмат гадоў, а ўвесь гэты час людзі будуць без кіслароду, што з улікам блізкасці галоўнага праспекту Менска можа прывесці да сур’ёзных захворванняў.


Пакуль жыхары б’юцца за сваю прастору шэрагам спосабаў. Адным з іх стала агітацыя на дрэвах, якія збіраюцца высякаць. Людзі абматалі іх і прылеглы плот будоўлі плакатамі з заклікамі берагчы прыроду.