У Гродне хацелі пабудаваць гарадскі стаматалагічны цэнтр. Але ва ўладаў няма грошай на праект
У Гродне адмянілі дзяржзакупку па выбары генеральнай праектнай арганізацыі для рэканструкцыі адміністрацыйнага будынка па вул. Цітова, 7 пад гарадскі стаматалагічны цэнтр. Аб’ява з’явілася на сайце дзяржзакупак icetrade.by 31 сакавіка. Праект адмянілі з-за недахопу грошай, піша Hrodna Life.
![belarusbank.jpg belarusbank.jpg](/img/v1/images/belarusbank.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аб’ектам займалася Упраўленне капітальнага будаўніцтва
горада Гродна (УКБ). З 10 траўня па 24 снежня 2021 планавалі абследаваць
будынак, распрацаваць перадпраектную дакументацыю, правесці
праектна-вышукальныя працы і экспертызы. Гэтыя работы ацэньваліся ў 201 000
рублёў. Сродкі, паводле інфармацыі на сайце дзяржзакупак, планавалі ўзяць з
мясцовага бюджэту.
Праект сапраўды быў у планах, але яго адмянілі, таму што ў
горада пакуль няма грошай, распавялі Hrodna.life у УКБ. Тэрмін аднаўлення работ
залежыць ад выканання бюджэту. Акрамя таго, уладам трэба праверыць: больш
выгадна пабудаваць новы будынак або прыстасаваць стары. У аблвыканкаме пакуль
разважаюць над гэтым. Да таго ж, сродкі патрэбныя, каб дабудоўваць
анкадыспансер.
Доўгі час на вул. Цітова, 7 знаходзілася аддзяленне
«Беларусбанка». Яно закрылася 1 ліпеня 2020 года, паведамлялі тады прадстаўнікі
арганізацыі ў Facebook. 21 траўня 2020 года з’явілася Пастанова Савета
міністраў, згодна з якой будынак збіраліся прадаць Цэнтральнай гарадской
стаматалагічнай паліклініцы за 2 451 600 рублёў (з улікам падатку на дададзеную
вартасць) з растэрміноўкай аплаты на 4 гады. Цяпер будынак пустуе. Hrodna.life
не ўдалося даведацца, на балансе якой арганізацыі ён знаходзіцца цяпер.