У Гродне вынеслі прысуд жанчыне, якая сарвала з твару міліцыянта ў цывільным маску
10 дзён арышту і штраф 405 рублёў атрымала гарадзенка Людміла Таранок за тое, што зняла маску з твару міліцыянта ў цывільным адзенні падчас акцыі салідарнасці ў Гародні. Такое рашэнне вынесла суддзя Ленінскага раёна Ганна Леусік, распавядае s13.ru.
Судовае пасяджэнне было выязным і праходзіла ў адміністрацыйным корпусе ІЧУ на вуліцы Гая. Там Людміла Таранок знаходзіцца з нядзелі. Сведак міліцыянтаў на судзе не было. Пра гэта Блогу Гродна s13.ru распавёў Улад Таранок, сын абвінавачанай.
Жанчыну прызналі вінаватай у парушэнні адразу трох артыкулаў КаАП РБ — 10.9 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці. Верагодней за ўсё, гаворка ідзе аб медыцынскай масцы), 17.1 (Дробнае хуліганства), 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі). Цяпер жанчына знаходзіцца ў ІЧУ на Гая.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся ў гэтую суботу, 12 верасня. У гэты дзень каля гандлёвага дома "Нёман" адбылася Жаночая акцыя. На ёй сабраліся каля 100 гродзенак. Дзяўчаты спявалі песні і выкрыквалі лозунгі. Увесь гэты час акцыю на камеру здымалі двое невядомых мужчын.
У адзін момант адна з жанчын падышла да мужчыны з камерай і паспрабавала сарваць маску. Да яе на дапамогу падбегла яшчэ адна дзяўчына. Удваіх яны сарвалі маску з твару, пасля чаго мужчына спешна пачаў пакідаць пляцоўку ўнівермага. Дзяўчаты кінулі яму ўслед рэшткі маскі і крычалі: "Ганьба!».
Людмілу Таранок затрымалі ў гэты ж дзень у яе ўласнай кватэры разам з малодшым сынам. Сям'ю адвезлі ў Ленінскі РАУС. Улада адпусцілі пад раніцу пасля дачы паказанняў. А Людмілу ў нядзелю перавезлі ў ІЧУ на вуліцы Гая.
Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель пракаментаваў гэты інцыдэнт:
— Жанчына павяла сябе эмацыйна ў такой наэлектрызаванай ва ўсёй краіне сітуацыі. Але і той супрацоўнік РАУС, які здымаў групу жанчын, не павінен быў так блізка іх здымаць. Думаю, што такое рашэнне суддзя вынес, каб надалей іншыя людзі не здымалі маскі і не вылівалі свой гнеў на "відэааператараў" РАУС.
Людміла Таранок — гарадзенская актывістка, якая не раз выступала на акцыях салідарнасці. Жанчына працуе шмат гадоў у "Гроднапрамбудзе" тынкоўшчыкам. Яна адна з першых падтрымала страйкоўцаў на прадпрыемстве. Жанчына жыве разам з сынам. На дадзены момант Уладу неабходна аплаціць паслугі адваката, а таксама штраф.
Калі ў каго-небудзь з чытачоў ёсць жаданне дапамагчы сям'і, якая трапіла ў цяжкую сітуацыю, можаце звязацца з яе сынам https://vk.com/mebeforeyou_d.