«У мамы ў камеры 8 чалавек, у брата — 13». Кіраўніцтва «Прэс-клубу» за кратамі ўжо 13 дзён

Юлію Слуцкую і шэраг іншых супрацоўнікаў «Прэс-клубу» вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і спрыянні гэтаму. Дачка Юліі Слуцкай і сястра Пятра Слуцкага Аляксандра распавяла Свабодзе, што цяпер адбываецца з яе блізкімі.

0eef5acc_526c_4014_b23a_3f7cad1f820c_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.webp


Абвінавачанні заснавальніцы «Прэс-клубу» Юліі Слуцкай, а таксама яго фінансаваму дырэктару Сяргею Альшэўскаму, праграмнай дырэктарцы Але Шарко, аператарам Пятру Слуцкаму і Дзянісу Сакалоўскаму былі прад’яўленыя 31 снежня. Усе яны ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Кіраўнік Акадэміі «Прэс-клубу», грамадзянін Расіі Сяргей Якупаў, у той жа дзень быў пад канвоем дастаўлены ў мінскі аэрапорт і дэпартаваны з краіны. Як расказаў Свабодзе сам Якупаў, яму не было прад’яўлена абвінавачання, ён мае статус свабоднага чалавека, усе падазрэнні з яго зьнятыя. Каментаваць сітуацыю ён пакуль не гатовы.
Дачка Юліі Слуцкай і сястра Пятра Слуцкага Аляксандра кажа, што асаблівых навінаў наконт абвінавачання і расследавання справы пакуль няма. Адвакаты маюць магчымасць бачыць сваіх падабаронных.
«У мамы ў камеры сем чалавек, — расказвае Аляксандра. — Яна восьмай прыйшла туды, ёй заставалася верхняя шконка. У мамы хворая спіна, ёй цяжка было туды залазіць і злазіць. Але дзяўчаты ў камеры добрыя, яны з ёй памяняліся. Цяпер у мамы хаця б зручная шконка».
Аляксандра кажа, што маці нават прасіла не перадаваць ёй столькі ежы.
«Бо не выйдзе з СІЗА, не пралезе ў дзверы. Такія жарты, — кажа дзяўчына. — Мама настроеная канструктыўна. Стараецца не засмучацца ад таго, чаго не можа змяніць. Робіць гімнастыку па магчымасці. Месца ў камеры няма, таму некаторыя практыкаванні даводзіцца рабіць на шконцы. Любы паход у лазню альбо да адваката таксама стараецца пераўтварыць у нейкую гімнастыку».
Таксама Аляксандра расказвае, што на святочныя дні пра маці ў яе ёсць гісторыя пра тайнага Санту.
«Мы павінны былі ладзіць карпаратыў, я пошту сваю праверыла 23 снежня. І там аўтаматычная рассылка даслала мне паведамленне «Прывітанне, я Юлія Слуцкая, ты мой тайны Санта. Так што вось у мяне атрымалася пагуляць у тайнага Санту», — кажа яна.
Па словах Аляксандры Слуцкай, разам з жонкай Сяргея Альшэўскага яны абмяркоўвалі затрыманне сваіх блізкіх і выстаўленыя ім абвінавачванні. Гатовыя цалкам кампенсаваць нанесеную дзяржаве шкоду, калі яна была.
«У Пятра ў камеры 13 чалавек, — расказвае Аляксандра Слуцкая пра ўмовы, у якіх утрымліваюць яе брата. — Таксама абстаноўка даволі пазітыўная. Усе хлопцы добрыя. Пятро трымаецца. Але ён увогуле не разумее, што адбываецца. У Пятра быў адвакат, ён яму патлумачыў, што і як, як трэба сябе паводзіць. Пятро ўвогуле не ў тэме, як той казаў».
Юлія Слуцкая і іншыя супрацоўнікі «Прэс-клубу» прабудуць пад вартай мінімум да 22 лютага. Акрамя іх на гэты момант пад вартай у крымінальных справах утрымліваюць журналістку парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч, супрацоўніц «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, а таксама былую карэспандэнтку БТ Ксенію Луцкіну, якую затрымалі ў адзін дзень з кіраўніцтвам «Прэс-клубу».
Што такое «Прэс-клуб»
«Прэс-клуб» — гэта «пляцоўка для прафесійнага развіцця медыясупольнасці», «нефармальнае аб’яднанне медыяпрафесіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменні і працаваць у рытме прафесійных стандартаў і трэндаў».
«Прэс-клуб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клубаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб».
«Прэс-клуб» арганізуе прафесійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мдыяграматнасцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных медыя.
Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клубу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі».