У Мінску судзяць 11 удзельнікаў тэлеграм-чата
Пракурор запытаў ад пяці да дзевяці гадоў калоніі.
У Мінску судзяць 11 удзельнікаў чата, якіх абвінавачваюць па некалькіх артыкулах: «Удзел у масавых беспарадках», «Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці групай асоб» і «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі». 10 абвінавачаных — палітвязні. Сёння, 5 ліпеня, дзяржабвінаваўца запрасіў для фігурантаў справы пазбаўленне волі тэрмінам ад пяці да дзевяці гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Фігурантаў справы абвінавачваюць ва ўдзеле ў тэлеграм-чаце «радыкальнага напрамку». У матэрыялах справы фігуруюць некалькі чатаў. У прыватнасці, «ОГСБ», «Падпрацоўка Мінск», «100», «101». Іх таксама абвінавачваюць у намеры пашкодзіць або знішчыць тры «Табакеркі».
Мужчыны нібыта хацелі гэта зрабіць 29 верасня мінулага года. Але ў гэты дзень позна ўвечары частку гэтых людзей затрымалі.
Некалькі палітвязняў у судзе заявілі, што іх збівалі падчас затрымання, а таксама прымушалі напісаць «чыстасардэчныя прызнанні».
Працэс ідзе больш за месяц, пасяджэнні праходзілі практычна ў закрытым рэжыме — трапіць на іх змаглі нават не ўсе сваякі.
У панядзелак, 5 ліпеня, пракурор запрасіў у якасці пакарання для абвінавачаных пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а менавіта:
• 23-гадоваму оптыку Арцёму Касакоўскаму, 37-гадоваму Дзмітрыю Ластоўскаму і 31-гадоваму Дзмітрыю Жэбуртовічу — па пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
• 40-гадоваму будаўніку Паўлу Нядбайлу, 33-гадоваму архітэктару, дызайнеру Расціславу Стэфановічу, 26-гадоваму зваршчыку Яўгену Прапольскаму, 23-гадоваму Аляксандру Рэзнікаву, 48-гадоваму сістэмнаму адміністратару Сяргею Плонісу, 20-гадоваму Арцёму Міцуку і Аляксандру Юрчыку (не з'яўляецца палітвязнем) — па восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
• 38-гадоваму інжынеру СПА, менеджару Юрыю Бялько — 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Паводле абвінавачання, дзеянні Прапольскага, Міцука, Нядбайлы, Стэфановіча, Рэзніка, Плоніса, Юрчыка, Касакоўскага, Жэбуртовіча, Ластоўскага і Бялько кваліфікуюцца як «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках, якая суправаджаецца гвалтам над асобай, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады». Дзеянні падлягаюць кваліфікацыі як «падрыхтоўка да здзяйснення агульнанебяспечным спосабам наўмыснага знішчэння маёмасці ў асабліва буйным памеры». Бялько ж, паводле версіі абвінавачання, займаўся «незаконнай падрыхтоўкай, захоўваннем агнястрэльнай зброі і незаконным набыццём складнікаў агнястрэльнай зброі».
Паводле tut.by