«Стала празрыстай, але трымаецца цвёрда». Палітзняволеная Марфа Рабкова страціла прытомнасць у камеры
Адвакат Наталля Мацкевіч пабачылася са сваёй падабароннай, якая амаль 10 месяцаў знаходзіцца за кратамі.
Пасля сустрэчы Наталля Мацкевіч напісала на сваёй старонцы ў твітары: «Сёння наведвала Машу Рабкову. Яна стала тонкай, празрыстай,
але трымаецца цвёрда. Сказала, што прачытала: «Не людзі выбіраюць часы, у
якіх жыць, а часы выбіраюць людзей». І кажа: «Калі час выбраў нас, мы
павінны справіцца».
Як пазней паведамілі праваабаронцы, у камеры праз спёку МАрфа Рабкова страціла прытомнасць.
Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны», праваабаронца Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.
Спачатку дзяўчыне інкрымінавалі ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Пазней прад'явілі новыя
абвінавачванні па ч.3 арт.130 КК і ч.2 арт. 285 КК. Цяпер Марфе Рабковай пагражае да 12
год пазбаўлення волі.