У Мінску затрымалі туркменскага палітуцекача, грамадзяніна Швецыі
18 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" быў затрыманы грамадзянін Швецыі туркменскага паходжання Шэрыф Клыч Чары Анамурадаў (паводле шведзкіх дакументаў Шэрыф Клыч).
Яго затрымалі памежнікі на запыт з Туркменістану — туркменскія спецслужбы абвінавачваюць яго ў махлярстве. Так патлумачылі прычыну затрымання беларускія міліцыянты.
Палітычны ўцякач туркменскага паходжання Шэрыф Клыч (Чары Анамурадаў) мае падвойнае грамадзянства — Швецыі і Расійскай Федэрацыі. З 2003 года ён стала пражывае ў Стакгольме. На запрашэнне свайго сябра і калегі Мурата Ханаліева, які мае беларускае грамадзянства і жыве ў Мінску з 1986 года, 18 ліпеня Чары Анамурадаў з дарослай дачкой прыляцеў у Мінск з расійскім пашпартам, каб не атрымліваць беларускую візу. У аэрапорце яго затрымалі беларускія памежнікі — паводле іх інфармацыі, Чары Анамурадаў знаходзіцца ў вышуку на запыт Туркменістана. Беларускія памежнікі перадалі яго транспартнай міліцыі.
Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандр Цішчанка паведаміў, што памежнікі дзейнічалі дакладна паводле інструкцыі: калі чалавек знаходзіцца ў міжнародным вышуку, незалежна ад грамадзянства, яго перадаюць міліцыі.
Мурату Ханаліеву, які сустракаў Чары Анамурадава ў аэрапорце, міліцыянты ўчора паведамілі, што Чары Анамурадаў будзе дэпартаваны пасля выканання ўсіх патрэбных працэдур у Туркменістан, а пакуль ён будзе змешчаны ў СІЗА.
Месца знаходжання Анамурадава невядомае, у мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага яго няма. Родныя звязаліся з амбасадай Швецыі ў Мінску, амбасадар робіць запыты і паабяцала ў другой палове дня звязацца з дачкой Анамурадава.
***
Туркменскі журналіст Чары Анамурадаў рэжымам Ніязава ў 1990-х гадах быў асуджаны да 18 гадоў зняволення. Ён праводзіў журналісцкія расследаванні па наркатрафіку з Аўганістану. Пасля траціны адбыцця тэрміну быў амніставаны. Пасля гэтага два гады жыў у Мінску, потым пераехаў у Прагу, працаваў у туркменскай службе “Радыё Свабода”. У 2003 годзе атрымаў палітычны прытулак у Швецыі. З таго часу ў Беларусі Чары Анамурадаў не быў.