У палітвязня Аляксея Раманава рэцыдыў анкалогіі
Жыхар Гомеля Аляксей Раманаў адбывае пакаранне за «абразу прэзідэнта» ў глыбоцкай калоніі. Ён — інвалід другой групы па анкалогіі. У калоніі ў яго значна пагоршыўся стан. 24 траўня палітвязня пераводзяць у турэмны шпіталь для аперацыі, піша «Радыё Свабода».
Першы раз з анкалогіяй Аляксей Раманаў сутыкнуўся ўвесну 2020 года. Яму правялі аперацыю, выдалілі пухліну. Улетку Аляксей браў актыўны ўдзел у працы каманды «Страна для жизни» — удзельнічаў у зборы подпісаў, агітацыі, наведваў акцыі пратэсту, падтрымліваў затрыманых у судах.
16 снежня суд Хойніцкага раёна пакараў яго нібыта за абразу Лукашэнкі пазбаўленнем волі на адзін год. Пакаранне Аляксей адбывае ў глыбоцкай калоніі. Яго паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму.
У лістах да сяброў ён пісаў, што пакутуе ад моцных боляў.
«На кансультацыі ў анколага лекарка сказала, што выявілі новую пухліну. Калі шчыра, я так стаміўся ад гэтых боляў, хутчэй бы памерці... Вы не адчайвайцеся, усё будзе добра, беражы вас Госпад, буду за вас маліцца, і вы маліцеся за мяне», — напісаў Аляксей.
Яго абяцалі накіраваць у шпіталь «наступным этапам». Учора, 23 траўня, стала вядома, што 24 траўня Аляксея пераводзяць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь, яму будуць рабіць аперацыю з-за анкалогіі.