У праваслаўных вернікаў Вялікая пятніца
Важны дзень у жыцці праваслаўных вернікаў. Сёння — Вялікая пятніца, дзень, калі Ісус Хрыстос быў зняты з крыжа і пахаваны.
У цэрквах у гэты дзень не адпраўляецца літургія, а самым значным момантам ёсць вынас плашчаніцы.
“Для вернікаў гэты дзень з’яўляецца днём самага строгага посту”, — гаворыць пробашч праваслаўнай парафіі святога Яна Тэолага ў Беластоку, айцец Марэк Ваврэнюк:
— Мы заўсёды падкрэсліваем, што праваслаўныя вернікі, якія жывуць, якім Бог дае сілу, у гэты дзень павінны трымаць пост, не прымаючы нічога да моманту, калі мы паклонімся святой плашчаніцы — іконе Хрыста, пакладзенага ў труну, якая выносіцца пасля абеду на сярэдзіну храма. І тады мы ідзём, каб аддаць свой паклон збавіцелю нашаму, які на крыжы праліў сваю кроў за грахі ўсяго чалавецтва, у тым ліку кожнага з нас.
Літургічны дзень Вялікай пятніцы пачаўся яшчэ напярэдадні ўвечары чытаннем дванаццаці фрагментаў Евангелля. “Вялікая пятніца – дзень асаблівай павагі, цішыні і смірэння”, — кажа айцец Марэк Ваврэнюк:
— Найлепшая пропаведзь на пятніцу — гэта папросту маўчанне. Чалавек у сваім сэрцы павінен усё гэта перажыць, пабачыць Хрыста, які ўзяў крыж, пайшоў за нас на Галгофу. І на гэтай Галгофе мы павінны пабачыць вялікую любоў Бога да нас, да ўсіх дзяцей Божых.
Заўтра, у Вялікую суботу, падчас
набажэнства святары зменяць святарскае адзенне з цёмнага на светлае, а пасля
літургіі пачнуць асвячаць стравы, у першую чаргу велікодныя яйкі. Таксама ў
Вялікую суботу ў храме Труны гасподняй у Ерусаліме адбываецца сыходжанне
святога, дабрадайнага агню.
www.racyja.com