Памыцца да ўсходу сонца. Што яшчэ паспець зрабіць да Вялікадня?

Сёння ў праваслаўных Чысты чацвер. Як згодна з беларускімі праваслаўнымі традыцыямі рыхтуюцца да Вялікадня – распавядае фалькларыстка і журналістка «Новага Часу» Алена Ляшкевіч, якая завітала ў госці ў праграму «Мова Нанова» на belsat.eu.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Паводле даследніцы традыцыйнай культуры, у Вялікую сераду пачыналі актыўную падрыхтоўку да Вялікадня. Паколькі ў Чысты чацвер у хаце мусіць быць ужо чыста, прабіралі ў Вялікую сераду. Нашыя бабулі мусілі адскрэбці сцены, падлогу, пабяліць печ, памяняць ручнікі. Маглі ўжо замешваць цеста на булкі.
Мыліся ўсёй сям’ёй у Чысты чацвер. Было павер’е, што трэба паспець зрабіць гэта перад узыходам сонца, каб быць увесь год здаровым. На гэтую тэму расказвалі розныя показкі, як воран купае сваіх дзетак у гэты дзень у ручаі. У чацвер таксама гаспадыні пеклі булкі ды фарбавалі яйкі ў традыцыйны чырвоны колер.
Страсная ці Вялікая Пятніца – дзень, калі паводле біблійнага падання Хрыстос памёр, гэта дзень найбольш суворага посту і малітвы.

У суботу ўсё ўжо мусіць быць падрыхтаванае да галоўнага хрысціянскага свята – хата адмытая, булкі спечаныя, а яйкі пафарбаваныя. Рыхтавалі велікодны кошык, у якім акрамя яек было нешта мясное, булкі, соль. Усе, акрамя старых і малых, выпраўляліся на ўсяночную службу ў царкву.
У нядзелю пасля службы трэба было бегчы дадому. Хто першы прыбяжыць, у таго ў гаспадарцы цэлы год будзе найбольшы спор. За святочным сталом разгаўляліся, то бок можна ўжо было пакаштаваць святочныя стравы. Пачыналі з малітвы. Пасля велікоднага, урачыстага сняданку пачыналіся гульні – моладзь ішла танчыць, гушкацца на арэлях, дзеці ішлі гуляць у біткі.
Як вядоўца праграмы Глеб Лабадзенка сам згатаваў булкі ды пафарбаваў яйкі да Вялікадня – глядзіце ў праграме «Мова Нанова».