У Віцебскай вобласці хочуць стварыць лес з рэліктавых дрэваў

Двое энтузіастаў — Аляксандр і Ульяна — задумалі пасадзіць у Беларусі лес-лабірынт з рэліктавых дрэваў гінкга білоба і шукаюць валанцёраў, каб ажыццявіць задуманае.



glavnaya_84.jpg

Рэліктавае дрэва гінкга білоба часам называюць жывым выкапнем, бо гэты від існаваў вельмі даўно — ён быў шырока распаўсюджаны ажно 150 мільёнаў гадоў таму. Праўда, з часам колькасць дрэваў значна змяншалася, а цяпер гэты від адносіцца да тых, што выміраюць (EN).

“Гінкга білоба вядома як складнік розных лячэбных прэпаратаў, і шмат хто чуў гэтыя словы, але мала хто ўяўляе, што гэта насамрэч такое, — кажа арганізатарка праекта Ульяна. — Мы з Аляксандрам абралі менавіта гэтае дрэва, каб стварыць лес, бо яно можа выжываць і расці ў самых складаных умовах: вытрымлівае вялікі марозы, не схільнае да хваробаў з-за паразітаў. Яно можа жыць тысячы год, і мы спадзяемся, што распаўсюд гэтых дрэваў у Беларусі дапаможа змяніцца экалагічнай сітуацыі. Магчыма, змены да лепшага адбудуцца і не зараз, але мы ўпэўнены, што гэтай важнай справай трэба займацца ўжо цяпер”.

 

Насенне гінкга. Фота – Alex Zhernosek

Насенне гінкга. Фота – Alex Zhernosek

Актывісты сцвярджаюць, што дрэвы гінкга не патрабуюць амаль ніякага спецыфічнага даглядання і ўкладвання рэсурсаў у працэсе росту.

“Дрэвы растуць самі сабой і даюць кожны год добры ўраджай. Пад дрэвамі, на месцы, дзе яны растуць, захоўваецца ўся біялагічная разнастайнасць і застаецца некранутай натуральная экасістэма. Арэхі цудоўна захоўваюцца ў натуральных умовах на працягу года і некалькі гадоў пры нізкіх тэмпературах”.

Ульяна і Аляксандр жывуць зараз у амаль пустой вёсцы ў Віцебскай вобласці: там вельмі мала людзей і дужа прыгожая прырода. У энтузіястаў там тры гектары зямлі: два ва ўласнасці і адзін арэндаваны.

У гэтым годзе яны плануюць высадзіць пяць тысяч адзінак насення.

Мы ствараем пітомнік-лабірынт у форме старажытнага сімвала “вечны вузел”, які сімвалізуе адзінства і ўзаемасувязь усіх аб’ектаў. Пяць тысяч пасадзім у гэтым годзе, яшчэ пяць тысяч — у наступным”. — расказвае Ульяна.

 

vuzel.jpg

 Праект робіцца не “ўсляпую”, — арганізатары ўжо некалькі гадоў эксперыментуюць з вырошчваннем гэтых дрэваў.

“Мы вырошчвалі самі гэтыя дрэвы з насення пяць гадоў. Ставіліся да працэсу як да эксперымента: глядзелі, як яны растуць, як прыжываюцца. Каля ста дрэваў я пасадзіла ў нас тут у лесе і на маёнтку. То бок у нас ёсць досвед, як з імі абыходзіцца, і мы ведаем, што робім”.

Для таго, каб дрэвы у будучым дрэвы добра пераносілі маразы, насенне павінна прайсці стратыфікацыю (яго перад высадкай трэба трымаць нейкі час у лядоўні пры тэмпературы не вышэй за +5 градусаў альбо закапаць на зіму ў зямлю). Калі ў лядоўні насенне пачне прарастаць — гэта нармальна, пужацца не варта.

Высаджваць у “адкрыты грунт” можна як непасрэдна само насенне, так і саджанцы. Калі ёсць жаданне, саджанцы можна нават высаджваць не на першы, а на другі год, але трэба памятаць, што зімоўка ў расліны ў любым выпадку мусіць быць халоднай (напрыклад, можна трымаць яе на адкрытым балконе).

 

Насенне гінкга. Фота – Alex Zhernosek

Насенне гінкга. Фота – Alex Zhernosek

Ульяна кажа, што ў іх Аляксандрам няма магчымасці прарошчваць у асобных ёмістасцях пяць тысяч саджанцаў, так што ў адкрытую глебу яны будуць саджаць непасрэдна насенне. “Так таксама можна рабіць, і мы ўжо самі ўдала прымянялі такі падыход”, — кажа Ульяна. 

Як вы можаце дапамагчы праекту

Самае важнае і актуальнае — гэта фізічная дапамога ў пасадцы насення. У Аляксандра і Ульяны гатовы для пасадкі пяць тысяч адзінак насення, і ў чатыры рукі з такімі аб’ёмамі не справіцца.

Яны з радасцю прымуць валанцёрак і валанцёраў у сваім маёнтку: забяспечаць спальным месцам, прадуктамі, працоўным інструментам і, па магчымасці, працоўнай вопраткай. У вас будзе магчымасць пасадзіць імянное дрэва і атрымаць насенне, якое вы потым зможаце пасеяць на сваім лецішчы ці ў іншым месцы.

Але ёсць і абмежаванні: у маёнтку нельга ўжываць любыя мясныя і рыбныя прадукты, алкаголь і наркатычныя сродкі, знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Таксама забараняецца любое паляванне (нават на самых дробных жывёлаў і слімакоў) і рыбалоўства.

Акрамя фізічнай дапамогі непасрэдна ў высадцы насення арганізатары будуць рады фінансавай падтрымцы, дапамозе з транспартам для валанцёраў і валанцёрак, інфармацыйнай і арганізацыйнай падтрымцы.

Звязацца з Ульянай можна тут, Аляксандрам — тут, а больш даведацца пра праект гінкга-лабірынта — вось тут

Меркаванне спецыяліста

Міхаіл Рудзевіч, старэйшы навуковы супрацоўнік лабараторыі інтрадукцыі дрэвавых раслін Цэнтральнага Батанічнага Сада лічыць, што ў гэтага праекта ў Беларусі можа быць добрая перспектыва.

«Гэтыя дрэвы тут не новы, — яны вядомыя ў культуры Беларусі. Зразумела, ёсць у іх свае нюансы: яны могуць і нармальна жыць, але бываюць выпадкі, што раз на 20-25 гадоў маразы ўсё ж пашкоджваюць гэтыя дрэвы».

Што тычыцца геаграфіі праекта, дык эксперт мяркуе, што Віцебская вобласць — прыдатная для пасадкі і росту рэліктаў, але ён таксама звяртае ўвагу на тое, што вельмі важна выбраць адпаведны ўчастак, дзе будзе расці новы лес.

«Трэба, каб гэта было не на зусім адкрытым участку мясцовасці, — усё ж такі патрэбна пэўная абароненасць і разам з тым асветленасць. Гэта месца павінна добра прагравацца і не павінна прадзьмувацца скразнымі вятрамі. Тады шанец на поспех ёсць».

Хваляванні наконт таго, што рэлікты гінкга могуць неяк негатыўна паўплываць на іншыя віды дрэваў, што будуць расці побач, Міхаіл Рудэвіч не падтрымлівае.

«Я не думаю, што ёсць такая верагоднасць», — кажа навуковец.

Паводле greenbelarus.info