У Віцебску склалі петыцыю за адстаўку рэктара ўніверсітэту — за Дзень роднай мовы па-руску
Прадстаўнік руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў стварыў петыцыю з патрабаваннем адстаўкі рэктара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту Аляксея Ягорава. На думку аўтара петыцыі, пасаду рэктара беларускай ВНУ не можа займаць чалавек, са згоды якога сярод студэнтаў прапагандуюцца ідэі «русского мира», піша «Радыё Свабода».
У петыцыі нагадваюцца падзеі сёлетняга Міжнароднага дня матчынай мовы, які адзначаўся 21 лютага. У праграме мерапрыемстваў ВДУ не было ніводнага слова па-беларуску. Затое ўсе імпрэзы, падрыхтаваныя кафедрай сусветных моваў, праходзілі ў межах праекту «Твой мир — навек моя обитель», які рэалізуецца культурна-асветніцкім таварыствам «Продвижение» пры падтрымцы фонду «Русский мир».
Гэтай кафедрай кіруе Ірына Зайцава, якая пераехала ў Віцебск з Луганску, дзе была функцыянеркай Луганскага абласнога Расійскага цэнтру, узначальвала Украінска-расійскі саюз, супрацоўнічала з «Русским блокам» і «Русским движением», неаднаразова называла сябе абаронцай «русского мира» і рускай мовы.
Ірына Зайцава была прызначана загадваць кафедрай падчас кіраўніцтва Аляксея Ягорава, і менавіта ён з'яўляецца адказным за тое, што адбываецца цяпер ва ўніверсітэце, лічыць складальнік петыцыі.
«Ва ўсім свеце 21 лютага шануюць родную мову, і толькі ў Віцебску ўшаноўвалі мову суседняй дзяржавы. Рэктар Аляксей Ягораў паводле адукацыі юрыст і павінен добра ўсведамляць ідэалагічны сэнс імпрэзаў у ВНУ, якой ён кіруе. Услаўленне „родного русского языка“ адбывалася з ягонай згоды. І таму я перакананы: універсітэтам, які рыхтуе настаўнікаў для беларускіх школ, не павінен кіраваць чалавек, у якога няма аніякага пачуцця патрыятызму», — сказаў Хрыстафор Жаляпаў.
Праз два тыдні петыцыя будзе накіравана ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, які ў 2014 годзе прызначыў Аляксея Ягорава на пасаду рэктара ВДУ, і ў Міністэрства адукацыі.
svaboda.org