У Беларусі ўпершыню адкрываецца Еўрапейскі міжкультурны фестываль

Сёння ў Беларусі адкрываецца Еўрапейскі міжкультурны фестываль. Падобнае мерапрыемства пройдзе ў нашай краіне ўпершыню. Яго галоўная мэта — стварыць камунікацыйную пляцоўку для культурнага дыялогу, расказаць беларусам аб гісторыі і традыцыях краін — удзельніц Еўрасаюза, а таксама дзяржаў, якія ўваходзяць у ініцыятыву ЕС "Усходняе партнёрства".



zpcajjas3xq.jpg

У рамках Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю запланавана мноства мерапрыемстваў: адкрыты занятак па навучанні нямецкай мове, сустрэчы з маладымі людзьмі-валанцёрамі з розных краін Еўропы, адукацыйныя семінары па гісторыі і культуры суседніх краін, лекцыя прадстаўніка Оксфарда — Джэрэмі Хіла і шмат іншага.

Еўрапейскі міжкультурны фестываль пройдзе не толькі ў сталіцы — некаторыя мерапрыемствы адбудуцца ў Гомелі і Гродне. У іх ліку — маладзёжныя дэбаты, прэзентацыя міжнародных маладзёжных абменаў і валанцёрскіх праграм і лекцыі аб сённяшнім узаемадзеянні Еўрасаюза і Беларусі.

Напярэдадні фестывалю арганізатары аб'явілі творчыя конкурсы фатаграфіі "Еўропа па суседству" і дзіцячага малюнку "Маляўнічая Еўропа". Прызы пераможцам будуць уручаны на афіцыйным закрыцці Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю ў Мінску 26 мая 2013 года.

Арганізатарамі фестывалю выступілі шэраг беларускіх і міжнародных арганізацый. Сярод іх — асветная ўстанова "Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый", "Офіс за дэмакратычную Беларусь" (Брусэль), Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), Еўрапейскі савет па міжнародных адносінах (Лондан).

"Мы арганізуем гэты фестываль упершыню і прыкладзём максімум намаганняў для таго, каб ён стаў штогадовым і праходзіў у розных гарадах Беларусі, — адзначыла Святлана Зінкевіч, дырэктар "Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый". — Еўрапейскі міжкультурны фестываль — выдатны шанс больш даведацца аб разнастайнаасці культур, гісторыі і традыцыях краін Еўрапейскага саюза і Усходняга партнёрства. Гэта таксама пляцоўка для зносін, абмену  экспертызай і інфармацыяй пра адукацыйныя магчымасці, абмеркавання сумесных праектаў".

У сваю чаргу дырэктар "Офіса за дэмакратычную Беларусь" Вольга Стужынская адзначыла: "Мы вельмі рады, што наша прапанова арганізаваць фестываль выклікала вялікую цікавасць сярод вельмі розных арганізацый, у тым ліку з рэгіёнаў краіны. Усе яны тым ці іншым чынам займаюцца дзейнасцю, звязанай з інфармацыяй і ўмацаваннем сувязей паміж беларускім грамадствам і краінамі ЕС і Усходняга партнёрства (Арменіяй, Азербайджанам, Грузіяй, Малдовай і Украінай). Мы вельмі шануем гэтае ўзаемадзеянне і спадзяёмся, што ў наступныя гады нашы рады будуць толькі расці. Для нас Беларусь — неад'емная частка агульнай Еўропы, і мы хочам, каб беларусы мелі як мага больш магчымасцей даведацца аб іншых еўрапейскіх краінах".


БелаПАН