У Лондане на 89-ым годзе жыцця памёр айцец Аляксандар Надсан

У Лондане на 89-ым годзе жыцця памёр уніяцкі святар, рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Аляксандар Надсан.



nadsan2.jpg

Пра гэта Радыё Свабода паведамілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў інтэрв'ю Свабодзе заявіла, што «смерць айца Надсана — гэта вялікая страта для нацыянальнага руху і для Беларусі. Гэтага светлага чалавека будзе не хапаць усім, у каго сэрца баліць за нашу Бацькаўшчыну».

Аляксандар Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў Нясвіжскім раёне. З восені 1944 года ваяваў у арміі Андэрса, якая была ў складзе Брытанскіх узброеных сіл. У Вялікай Брытаніі — з 1946 г. , быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Айцец Аляксандар Надсан — аўтар некалькіх кніг па гісторыі Беларусі, быў кіраўніком беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане, старшынём Камітэту дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.