У Маскве затрыманы беларускі мастак Дзяніс Лімонаў
У Маскве затрыманы беларускі мастак Дзяніс Лімонаў, які ў канцы 2011 года прызнаў сябе вінаватым ва ўчыненні тэракта ў мінскім метро.
Пра гэта паведамляе расійскі праваабарончы рэсурс ovdinfo.org са спасылкай на журналіста і мастака Аляксандра Калеснікава.
Паводле даных рэсурсу, Лімонаў быў затрыманы 18 лістапада на Пушкінскай плошчы. Прычынай для затрымання стала праверка паліцыяй дакументаў грамадзян "нефармальнай знешнасці".
Пасля дастаўлення ў АУС Таганскі даныя Лімонава знайшлі ў базе даных праваахоўных органаў. Раніцай 19 лістапада, паводле інфармацыі праваабаронцаў, мастак павінен быў быць дастаўлены ў пракуратуру, пасля чаго ў дачыненні да яго можа пачацца працэдура дэпартацыі.
У Таганскім АУС Масквы пракаментаваць гэту інфармацыю БелаПАН адмовіліся.
Актывіст арт-гурту "Ліпавы цвет" Дзяніс Лімонаў стаў вядомы пасля таго, як у снежні 2011 года адправіў у Генпракуратуру Беларусі заяву, у якой узяў на сябе віну за ўчыненыя ў
рэспубліцы тэракты, у тым ліку тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 года, а таксама заступіўся за Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, прыгавораных да смяротнай кары па абвінавачанні ў
тэрарызме. Беларускія следчыя органы на яго прызнанне не адрэагавалі.
Не выключана, што менавіта пасля звароту Лімонава ў Генпракуратуру яго прозвішча трапіла ў базу даных праваахоўных органаў.