У Мінску маюць намер ліквідаваць незаконную рэкламу на асфальце
У Мінску маюць намер ліквідаваць незаконную рэкламу на асфальце. Пра гэта сёння ішла размова на нарадзе ў Мінгарвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Фота з сайта БЕЛТА
Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінскага гарвыканкама Ніна Емяльянава, адзначыла , што апошнім часам усё большае распаўсюджванне ў Мінску атрымліваюць наземныя рэкламныя пано: на тратуарах і пляцоўках перад сацыяльна-культурнымі і гандлёвымі аб'ектамі з'яўляюцца рэкламныя аб'явы, нанесеныя фарбай па трафарэце.
Гэта наносіць шкоду эстэтычнаму выгляду сталічных вуліц, з'яўляецца парушэннем заканадаўства, лічаць у гарвыканкаме.
Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац перакананы, што такія няўзгодненыя рэкламныя аб'явы павінны быць ліквідаваны, а тыя, хто іх наносіць, — прыцягнуты да адказнасці. Гэта работа будзе ў сталіцы актывізавана.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама, прадоўжыцца работа па выяўленні ў інтэрнэце рэкламных аб'яў аб гандлі алкагольнымі напіткамі, рэалізацыі тавараў і паслуг у замежнай валюце, продажы біялагічна актыўных дабавак, лекаў.