У Мінску прадаюць карціны дзяўчынкі, якой неабходнае лячэнне ў Германіі
У Мінску ў вольнай прасторы «Хто такі Джон Голт» 14 снежня адкрылася дабрачынная выстава карцінаў 15-гадовай Любы Шуб.
Фота з сайта krynica.info
У дзяўчынкі ДЦП — яна пакутуе ад прыступаў курчаў, кульгае на левую нагу і з цяжкасцю валодае левай рукой. З дапамогай выставы яе карцін бацькі плануюць сабраць патрэбную суму на дарагую аперацыю ў Нямеччыне. Падрабязнасці можна пабачыць тут.
Люба малюе з шасці гадоў у стылі абстрактнага экспрэсіянізму. Яе працы выстаўляліся не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Дзяўчынку абследавалі і на працягу некалькіх гадоў спрабавалі лячыць медыкаментозна. Але выніку гэта не дало. Аперацыя, якую пагадзіліся зрабіць у Германіі, каштуе каля 25 тысяч еўра.
На выставе можна набыць карціны Любы або зрабіць ахвяраванне на яе лячэнне.