У Мінску пройдуць слуханні па праблемах медычнага абслугоўвання

Дыскусія ў сталіцы па праблемах медычнага абслугоўвання адбудзецца ў межах вераснёўскага цыклу грамадскіх слуханняў паводле першага пытання з парадку дня «Народнага рэферэндуму».



medik2.jpg

Яно гучыць такім чынам: «Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?»

Праблемы медычнага абслугоўвання і тое, як зрабіць яго больш якасным і даступным, раней у верасні ўжо абмеркавалі ў Бабруйску, Слоніме і Брэсце, паведамляе Рух «За свабоду».

У Мінску слуханні адбудуцца 30 верасня, у аўторак, у офісе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3-39). Пачатак – а 18-й гадзіне. Выступяць медыкі і эксперты Андрэй Вітушка, Зміцер Салошкін, Іван Шэга, Наталля Шкадун.

Нагадаем, у жніўні ў шэрагу гарадоў (Гомель, Полацк, Гродна, Магілёў) быў зладжаны першы цыкл слуханняў на тэму «Як зрабіць адукацыю якаснай і даступнай?».

«Прафесійная і даступная медыцына, адукацыя — гэта элементарнае права на годнае цяперашняе і будучае для нас і (галоўнае!) для нашых дзяцей! Дзяржава не мае права рабіць бізнэс на нашым здароўі і абмяжоўваць нашы магчымасці», — лічаць ініцыятары «Народнага рэферэндуму».

Пасля правядзення вераснёўскіх грамадскіх слуханняў будуць складзеныя прапановы па рэформе ў сферы аховы здароўя, якія ініцыятары «Народнага рэферэндуму» накіруюць у профільнае міністэрства. А ў хуткім часе будзе перададзены ў адпаведнае ведамства спіс прапановаў па рэформе адукацыі.