У Пінску паставяць помнік бяздомным кату і сабаку

У Пінску маюць намер стварыць помнік бадзяжным жывёлам са скарбонкай для ахвяраванняў на патрэбы жывёлаў. 



img_1800_637x478.jpg

Ідэя належыць бізнэсоўцу Аляксею Кітаеву і ягоным сябрам. Пакуль атрыманая папярэдняя згода ад гарадской адміністрацыі і вядзецца пошук адпаведнага месца.

Пінскае гарадское добраахвотнае аб’яднанне “Абарона жывёл” вітае ініцыятыву неабыякавых гараджан, але непасрэдна да самога ажыццяўлення ідэі не далучылася.

Чалец праўлення “Абароны жывёл” Алена Рамановіч кажа, што гэта добра, калі пінчане самаарганізаваліся:

— Людзі, якія пажадалі заняцца гэтым помнікам, стварылі ініцыятыўную группу. Самі хадзілі і глядзелі месцы, хадзілі ў выканкам на прыём, а пасля ў архітэктуру аднеслі ліст з прапанаванымі варыянтамі месцаў для помніка. Архітэктура павінна вызначыць месца. Пасля таго, як будзе вызначанае месца, яны будуць рабіць эскіз.

Як будзе выглядаць помнік, пакуль невядома, але ўжо вырашана, што гэта будуць выявы ката і сабакі.

Зрабіць бронзавы помнік дорага, таму ініцыятары схіляюцца да таго, каб вырабіць кампазіцыю метадам халоднага кавання.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя