У Светлагорску інваліда на вазку затрымалі падчас забароненага ўладамі пікета
А 15-й гадзіне насупраць райвыканкаму ў Светлагорску быў затрыманы інвалід першай групы, грамадскі актывіст Юрый Ляшэнка. Светлагорскі гарвыканкам адмовіў яму ў дазволе на правядзенне пікету, які планаваўся на 22 лістапада на цэнтральнай плошчы горада.

Актывіст меў намер прыцягнуць увагу грамадскасці і выказаць пратэст супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна. Але даведзены да адчаю актывіст вырашыўся на правядзенне несанкцыянаванага пікету.
Па словах відавочцаў, як толькі актывіст на інвалідным вазку разгарнуў плакат з фразай «Долой беспредел!», да яго адразу ж пад'ехала машына «хуткай дапамогі». Юрыя Ляшэнку разам з вазком занесці ў аўтамабіль і павезлі ў невядомым напрамку.
Тэлефон актывіста не адказвае, дзе ён цяпер — невядома.