Удзельнікаў акцыі 8 лістапада масава выклікаюць у Генпракуратуру

Актывісты заяўляюць пра пагрозу рэпрэсій. Ціск пачаўся і на блогераў, якія заклікаюць на сённяшнюю акцыю ў Мінску.

Кастрычніцкая плошча 15 лістапада. Фота Аляксандр Лібертад

Кастрычніцкая плошча 15 лістапада. Фота Аляксандр Лібертад

Як паведамляюць у фэйсбуку актывісты, нявесце анархіста Дзмітрыя Паліенкі Анастасіі Гусевай учора патэлефанаваў маёр Усік Аляксандр Мікалаевіч з Цэнтральнага РАУС (запіс размовы). Таксама падобныя «запрашэнні» атрымалі некаторыя актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Званок з прапановай прыйсці ў Генпракуратуру з нагоды акцыі 8 лістапада атрымаў і старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, якога выклікаюць разам з братам Максімам. Пра гэта паведаміў «Новаму Часу» актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў, які размаўляў з Урбановічам па тэлефоне. Па словах Кулакова, браты Урбановічы вырашылі схадзіць на сустрэчу і пацікавіцца, чаго ад іх хочуць.
Апроч таго, Леанід Кулакоў, калі праходзіў міма Кастрычніцкай плошчы, убачыў, што ўлады ўжо падрыхтаваліся да маючай адбыцца сёння акцыі, на якую заклікалі лідары «Еўрапейскай Беларусі»: на плошчу прыгналі аўтазакі і кран.
Тэлефон самога Дзяніса Урбановіча не адказвае.
Паводле інфармацыі агенцтва «Мінск-Навіны», сёння на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску збіраюцца ўстанавіць галоўную навагоднюю ялінку. Паведамляецца, што працы пачнуцца пасля 12-й гадзіны.
Як адзначае праваабарончы цэнтр «Вясна», ціск пачаўся і на блогераў, якія запрашаюць людзей выйсці на новую акцыю 15 лістапада. Так, супрацоўнікі міліцыі прыходзілі дадоуму да маці гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага — аўтара канала «Краіна для жыцця». Затым яго пільнавалі каля яго ўласнага дома. Ціханоўскі выйшаў у прамы эфір і распавёў пра тое, што адбывалася. Ён звязвае такую «актыўнасць» міліцыянтаў з тым, што ён заклікаў людзей прыходзіць на акцыю ў Мінску і сам збіраецца ехаць у сталіцу.
Таксама тэлефанавалі з пракуратуры блогеру Уладзіміру Цыгановічу (MozgON) і хацелі з ім паразмаўляць. Але Цыгановіч папрасіў накіраваць афіцыйны ліст, як належыць па законе. Блогер выказаў меркаванне, што гэта звязана з яго дзейнасцю.
А 13 лістапада з цягніка Брэст-Мінск у Баранавічах быў зняты актывіст Андрэй Шарэнда. Яго тры гадзіны трымалі ў пастарунку і апытвалі наконт закліку прыйсці на акцыю 15 лістапада, размешчанага на яго старонцы ў Facebook. 
Нагадаем, 8 лістапада на плошчы Свабоды ў Мінску адбылася акцыя, на якую заклікаў беларусаў блогер NEXTA дзеля абмеркавання яго фільма «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», што набраў каля 2 мільёнаў праглядаў. На акцыю прыйшлі некалькі соцень чалавек.
Палітычныя актывісты заклікалі людзей зноў выйсці на вуліцу 15 лістапада, гэтым разам збор прызначаны на Кастрычніцкай плошчы.