UEFA пераносіць з Беларусі «Фінал васьмі» Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. Афіцыйна — праз каранавірус
Спаборніцтвы, якія павінны былі адбыцца ў Мінску з 28 красавіка па 3 траўня, пройдуць у сталіцы Харватыі Заграбе.
![futzal_mini_futbol.jpg futzal_mini_futbol.jpg](/img/v1/images/futzal_mini_futbol.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Выканкам UEFA прыняў да ведама эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі і існуючыя абмежаванні на паездкі ў краіну, якія могуць перашкодзіць некаторым камандам і службовым асобам удзельнічаць у фінале Лігі чэмпіёнаў UEFA па футзале 2020/21», — паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на сайт футбольнай асацыяцыі.
Тым часам, паводле адкрытых крыніц інфармацыі, ад каранавірусу ў Беларусі памерлі 1930 чалавек. У Харватыі — 5420.
Шукаць альтэрнатыўнае месца для правядзення мерапрыемства камітэт нібыта вырашыў пасля кансультацый з Беларускай федэрацыяй футболу.
На фоне некаторага паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі ў Харватыі ўлады краіны з 15 лютага знялі некаторыя абмежаванні на дзейнасць фітнес-клубаў, трэнажорных залаў, курсаў замежных моў, дзіцячых секцый, а таксама казіно, букмекерскіх кантор і клубаў гульнявых аўтаматаў. Усім рэстаранам і кавярням дазволілі пачаць гандаль напоямі навынас.
У той жа час, жыхары краіны мусяць насіць ахоўныя маскі ў транспарце і ва ўсіх закрытых памяшканнях, а масавыя мерапрыемствы па-ранейшаму пад забаронай.
Спасылка на каранавірус — улюбёны прыём беларускіх улад для абмежавання правоў грамадзян. Падобна на тое, што цяпер улады атрымалі «адказ» з боку UEFA.