Украіна адказала Лукашэнку наконт замены беларускіх шахцёраў украінскімі

Учора Аляксандр Лукашэнка вельмі шмат казаў, у тым ліку, аб страйкуючых беларусах. Калі коратка, пасыл яго быў такі: не хочаце — не працуйце, незаменных няма. А адмыслоўцаў добрых і ў суседніх краінах хапае.

688676078.jpeg

Лукашэнка расказаў, што гэта па яго просьбе на дзяржТВ ўжо працуюць расіяне, замест страйкоўцаў беларусаў. А заадно, мабыць, вырашыў прыстрашыць шахцёраў, якія цяпер ладзяць адны з самых магутных забастовак (з-за чаго ўжо каторы дзень знікаюць супрацоўнікі «Беларуськалія» і потым знаходзяцца ў КДБ ці РУУС).
«Што вы бастуеце? Добра, бастуеце - добра. Я каманду даў дырэктару: не трэба за імі бегаць. У нас у Салігорску дзве тысячы чалавек хочуць працаваць на «Беларуськаліі». Яны прыйдуць. Ці не яны прыйдуць - ва ўсім свеце беспрацоўе. Прыедуць з Украіны шахцёры. Іх мора - беспрацоўных», — заявіў Лукашэнка.
Рэакцыя на гэтыя словы рушыла ўслед неадкладна. Адказ яму запісаў кіраўнік Канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў Украіны і Незалежнага прафсаюза шахцёраў Украіны Міхаіл Валынец — ён сказаў, што ўкраінскія шахцёры не з'яўляюцца беспрацоўнымі. Больш за тое, працы так шмат, што і на ўкраінскіх шахтах людзей не заўсёды хапае.


«Шахцёры — адна з самых салідарных кастаў ў свеце. І ніхто не збіраецца ехаць у Беларусь і выступаць у ролі штрэйкбрэхераў», — сказаў Валынец. І вырашыў падтрымаць беларусаў: «Мы не раз ва Украіне аказваліся ў цяжкім становішчы, але дамагліся права свабодна выходзіць на забастоўкі, на мітынгі, у нас свабодныя выбары. Жадаем і вам дамагчыся захавання вашых правоў і свабод».
kyky.org