Украіна адмовіла беларускаму анархісту ў статусе ўцекача

Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны адмовіла ў статусе ўцекача грамадзяніну Беларусі Артуру Кандратовічу, экстрадыцыі якога патрабуюць беларускія праваахоўныя органы, паведамляе svaboda.org.

Адзін са шчытоў сацыяльнай рэкламы, які нібыта пашкодзілі анархісты. Артура Кандратовіча вінавацяць у падпале рэкламнага шчыта з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананні»

Адзін са шчытоў сацыяльнай рэкламы, які нібыта пашкодзілі анархісты. Артура Кандратовіча вінавацяць у падпале рэкламнага шчыта з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананні»


У Беларусі яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў паводле абвінавачання ва ўдзеле ў акцыі супраць праваахоўных органаў. Два гады таму ў Івацэвічах Берасцейскай вобласці анархісты падпалілі рэкламны шчыт з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананні». Генеральная пракуратура Беларусі 12 красавіка накіравала ва Украіну запыт на экстрадыцыю Кандратовіча.
Артура Кандратовіча затрымалі ва Украіне сёлета ў красавіку. Спачатку яго арыштавалі, але пазней вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. На пачатку кастрычніка суд падоўжыў абмежаванні да 8 снежня — ён не можа без дазволу пракурора выяжджаць за межы Кіева і Кіеўскай вобласці і павінен на выклік з'яўляцца ў суд і пракуратуру.
У ліпені беларус звярнуўся да Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны па статус уцекача або асобы, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне, але яму адмовілі. Цяпер ён аспрэчвае гэтае рашэнне ў судовым парадку. Экстрадыцыйная праверка будзе падоўжаная, пакуль апошняя судовая інстанцыя не ўхваліць канчатковага рашэння ў гэтай справе.

Колькі беларускіх уцекачоў ва Украіне

Паводле Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны, на канец 2018 года 18 грамадзян Беларусі атрымалі ва Украіне статус уцекача, яшчэ 6 — дадатковую абарону Украіны. Прозвішчаў гэтых грамадзян не называюць, спасылаючыся на канфідэнцыйнасць інфармацыі, бо яе распаўсюджанне можа «стварыць небяспеку для іх уладальнікаў».
Атрымаць статус уцекача ці асобы, якая мае патрэбу ў дадатковай абароне, ва Украіне вельмі складана: трэба давесці, што ў краіне паходжання грамадзяніну пагражае пераслед паводле расавых, рэлігійных ці палітычных прыкметаў. А ўкраінскія суды не маюць адзінай практыкі, паводле якой ацэньваюцца рызыкі такога пераследу ў Беларусі.
Маючы статус уцекача, замежнік пасля трох гадоў пражывання ва Украіне можа звярнуцца па атрыманне грамадзянства Украіны. Статус асобы, якая патрабуе дадатковай абароны, не дазваляе звяртацца па ўкраінскае грамадзянства.

Статус уцекача — не гарантыя

Ужо больш як год пад экстрадыцыйнай праверкай ва Украіне знаходзіцца беларускі грамадзянін Уладзімір Юрчанка — яго ў Беларусі абвінавачваюць у арганізацыі міжнароднай злачыннай групоўкі, створанай у 2008-м для атрымання прыбытку ад незаконнага абарачэння наркотыкаў у Расіі, Таджыкістане, Казахстане і Беларусі.
Статус уцекача ён атрымаў ва Украіне ў 2017 годзе. Дзяржаўная міграцыйная служба ўжо двойчы пазбаўляла яго гэтага статусу, але ягоныя адвакаты выйгралі ў судзе першую справу і цяпер аспрэчваюць другую — першая судовая інстанцыя прызнала незаконным рашэнне міграцыйнай службы аб пазбаўленні статусу ўцекача.
Уладзімір Юрчанка амаль год адседзеў у Чарнігаўскім следчым ізалятары, але сёлета ў ліпені яго перавялі пад хатні арышт. Экстрадыцыйная праверка таксама падоўжаная да завяршэння усіх судовых працэсаў.

У чарзе на экстрадыцыю ёсць і бізнесоўцы

У лістападзе споўніцца два гады яшчэ адной экстрадыцыйнай справе — грамадзяніна Беларусі Вячаслава Кушнера. Беларускія праваахоўныя органы патрабуюць ягонай выдачы на падставе крымінальнай справы ў дачыненні беларускага бізнесоўца, заснавальніка групы кампаній «Сармат-СТІ» Аляксандра Кныровіча і шасці іншых супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства.
У лютым 2018 года ўпраўленне міграцыйнай службы ў Вінніцкай вобласці прызнала яго ўцекачом, але выйшэшы міграцыйны орган адмовіў у выдачы адпаведных дакументаў. Дагэтуль адвакаты Вячаслава Кушнера аспрэчваюць гэтае рашэнне ў розных судовых інстанцыях. Згодна з апошнім рашэннем суду, абмежаванні беларуса ў перамяшчэнні дзейнічаюць да 11 лістапада. Але і пасля могуць быць падоўжаныя.
Летась у кастрычніку ва Украіне на запыт праваахоўных органаў Беларусі затрымалі яшчэ аднаго беларускага бізнесоўца — Дзмітрыя Дашука, якога абвінавачваюць у злачынствах супраць інфармацыйнай бяспекі. Ягоныя адвакаты параўноўвалі гэтую справу са «справай БелТА», бо Дзмітрыя Дашука абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага прадпрыемства РУП «Белмытсэрвіс». Цяпер ён вызвалены ўжо і з-пад хатняга арышту — можа свабодна перамяшчацца па Украіне, але абавязаны па выкліку з'яўляцца ў суд і пракуратуру.
Апроч таго, адвакаты настойваюць, што Дзмітры Дашук ёсць грамадзянінам Украіны, а паводле заканадаўства, Украіна не можа выдаваць замежнай дзяржаве сваіх грамадзян.
Якраз сёння Партызанскі суд Мінска пачаў разглядаць справу, у якой фігуруе Дзмітрый Дашук — аб крадзяжы закрытых звестак з кампутарнай базы дадзеных «Белмытсэрвісу». У ёй таксама фігуруюць супрацоўнікі арганізацыі «Маналітпрамсэрвіс» Сяргей Суравіцкі (адмыслоўца па кампутарнай бяспецы) і Канстанцін Мароз (намеснік дырэктара).