Алег Сянцоў стварае грамадскую арганізацыю
Былы ўкраінскі палітвязень, рэжысёр і пісьменнік Алег Сянцоў, які правёў пяць гадоў у расійскай турме, абвясціў аб намеры стварыць грамадскую арганізацыю, паведамляе Радыё Свабода.
Пра гэта ён сказаў учора на ўручэнні прэміі Ukrainian ID Awards у Кіеве, паведамляе Крым. Рэаліі.
Сянцоў заявіў, што час, калі ён "усюды катаецца, усім цікавы" працягнецца нядоўга, максімум паўгода і трэба "рабіць гэта" больш прафесійна. Таму, па словах Сянцова, ён прыняў рашэнне аб стварэнні грамадскай арганізацыі, у якой ён будзе займацца досыць шырокім спектрам грамадскай працы, праваабарончай і культурнай.
Сянцоў таксама дапусціў, што для фінансавання арганізацыі можа быць створаны фонд. Магчыма, ён будзе насіць яго імя.
21 кастрычніка ў Кіеве Алегу Сянцову ўручылі міжнародную ўзнагароду Russian ID Awards — за "нязломную сілу ў барацьбе за ідэалы свабоды", якую яму прысудзілі ў мінулым годзе, калі ён знаходзіўся ў расійскай калоніі. Ён стаў першым лаўрэатам гэтай прэміі, якую заснавалі ў 2018 годзе.
Напярэдадні Сянцоў вярнуўся з Германіі, дзе прадстаўляў сваю кнігу на Франкфурцкім кніжным кірмашы.
Алег Сянцоў — украінскі рэжысёр, актывіст Майдана, які выступаў супраць анэксіі Крыма Расеяй. У маі 2014 года ён быў арыштаваны расійскімі спецслужбамі, абвінавачаны ў падрыхтоўцы тэракту і асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі. Сянцоў віны не прызнаў. У мінулым годзе ён некалькі месяцаў трымаў галадоўку ў расійскай калоніі з патрабаваннем вызваліць ўкраінскіх палітвязняў. 7 верасня Сянцоў у ліку іншых украінцаў быў абмяняны па формуле "35 на 35".