Украінскі тэст для беларускіх дзяржаўнікаў

Не важна, ці абвесціць Крэмль афіцыйна ўвод войскаў у Крым. Яны ўжо ўведзеныя. Пасля мінімум стагоддзя размоў пра славянскае братэрства, процьмы міфаў ды ідэалагемаў, выбудаваных на гэтым. Сама пагроза такога ўвядзення разбурае галоўны прынцып — «паміж намі вайна немагчымая». Гэта як у жыцці: для цябе дзяўчыны сяброў або табу, або не. І калі не, то ўжо ўсё роўна, што цяпер у цябе з адным адносіны добрыя, а з іншым сапсаваліся. Парушаны прынцып. І той, з кім адносіны добрыя, павінен быць напагатове. 



russian_agressor.jpg

А хто павінен быць напагатове ў Беларусі? Сілавікі любяць бравіраваць тым, што яны не абараняюць Лукашэнку і ўладу, яны — дзяржаўныя людзі. Пакуль што іх дзяржаўнасць выяўлялася толькі ў сіле ціску на апазіцыю і грамадзянскую супольнасць і ў тым, што яны не давалі рэалізоўваць эканамічныя рэформы ў Беларусі. Што будзе, калі беларуская ўлада вырашыць прыняць непапулярнае рашэнне, а Крэмль расцэніць гэта як пагрозу сваім інтарэсам — і з вуснаў рускамоўных (іх у нас шмат) прагучыць «просьба» аб тэрміновай дапамозе? Масква, зразумела, «не зможа» ім адмовіць.

І вось тут адкрываецца галоўнае пытанне: дзяржаўнікі, вы за якую дзяржаву?


Што будуць рабіць нашы ваенныя, якія выхоўваліся з расійскімі калегамі на аднолькавых кніжках, фільмах, у адных і тых жа універсітэтах? Яны будуць абараняць Беларусь ці Лукашэнку? Або будуць тэрмінова даваць прысягу новаму галоўнакамандуючаму і святкаваць у лазнях... Ці гатовыя яны сказаць: «Калі Крэмль збіраецца ўвесці ў Беларусь войскі, значыць, ён вораг»?
Што будзе рабіць наш АМАП? Калі трэба будзе біць не бяззбройных «адмарозкаў», а супрацьстаяць захопу будынкаў узброенымі людзьмі без апазнавальных знакаў?
Што будзе рабіць КДБ? Калі атрымае ад сваіх сяброў з ФСБ, з якімі столькі выпіта з часоў вучобы, тэлефонныя званкі і прапановы «братэрскай дапамогі»?
Дзяржаўнікі , ці гатовыя вы абараняць дзяржаву Беларусь ад любога ворага? Не толькі ад таго, на каго вас нацкоўваюць апошнія 20 гадоў? Вы гатовыя цяпер прымаць рашэнні, якія могуць не спадабацца «Вялікаму брату»? Для вас Беларусь — гэта незалежная краіна ці ўсё яшчэ частка адзінай прасторы, і вы проста тут працаўладкаваліся?
Беларусь — незалежная дзяржава, якая павінна пастаянна супрацьстаяць выклікам. Прымаць свае рашэнні. Пасля «пагроз» Украіне становіцца ўсё роўна, «было» або «не было». Калі сёння магчымы Кіеў, значыць, заўтра магчымы Мінск.

Пакуль што нашы сілавікі прымаюць толькі адно рашэнне — яшчэ мацней ціснуць іншадумцаў. Але хутка стане зразумела, што гаворка не пра аранжавых ці сініх, не пра Януковіча або Яцанюка, гаворка аб праве прымаць свае рашэнні, якія могуць не падабацца суседу, але быць выгаднымі для краіны. Менавіта гэта, а не плошча з сцягам або новы палац, і ёсць беларуская незалежнасць.


Сёння гэта ўжо разумее большасць беларусаў, якія, падыходзячы да нас у пікетах і чытаючы пытанні «Народнага Рэферэндуму», не сумняваючыся, падтрымліваюць пытанне № 4 — «Ці згодныя вы, што для забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена размяшчэнне замежных ваенных аб'ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несці службу за мяжой?».
І калі не прыслухацца да голасу народа, не прыняць гэта рашэнне зараз, хай яно нават не падабаецца каму-небудзь з генералітэту, потым можа быць як у той хуткамоўцы: лавіравалі, лавіравалі ды не вылавіравалі.
Андрэй Дзмітрыеў, naviny.by