Улляну Гарбачову аштрафавалі на 50 базавых

Былую супрацоўніцу МТЗ, якую ўчора затрымалі падчас прагулкі з сабакам, сёння аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

photo5212999749769212143_logo_1.jpg

Пра гэта «Новаму Часу» паведаміла сама Улляна Гарбачова.
Яна распавяла пра акалічнасці ўчарашняга затрымання недалёка ад дома:
«Забралі мяне каля 15-й гадзіны, калі я гуляла на рэчцы з сабакам і сынам. Двое мужчын, якія не прадставіліся, пазвалі мяне і сказалі, што я павінна праехаць з імі у Партызанскае РУУС. Я сказала, што, калі ім трэба, — хай выклікаюць мяне позвай. На што мне сказалі, што ў іх новаўвядзенне і яны павінны самі мяне даставіць», — гаворыць Улляна Гарбачова. 
Яна папрасіла дазволу завесці дадому сабаку і сына. Супрацоўнікі дазволілі, але адзін з іх пайшоў у кватэру разам з Уллянай, а другі падагнаў легкавую машыну.
Улляну Гарбачову прывезлі ў РУУС, дзе дапыталі і склалі пратакол па артыкуле 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
«Пратакол аформілі нібыта за ўдзел у мітынгу, хаця ніякага мітынгу там не было, мы праводзілі беларускі традыцыйны абрад гукання вясны, у мяне не было аніякай сімволікі», — зазначае Ульяна.
Паколькі жанчына выхоўвае непаўнагадовае дзіця, увечары яе адпусцілі дадому, абавязаўшы раніцай з'явіцца ў РУУС для суда. 
Сёння Улляна Гарбачова прыйшла ў міліцыю і там яе судзілі па скайпе. Суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў яе вінаватай і прысудзіў 50 базавых велічынь штрафу.