Усе ўдзельнікі "Каруселі пікетаў" супраць вайны ва Украіне атрымалі адмовы ад Мінгарвыканкаму

Ніводны з блізу 20 жадаючых правесці пікет у падтрымку Украіны, у тым ліку і намеснікі старшыні Руху «За Свабоду», так і не атрымаў дазволу ад Мінгарвыканкаму. Але «Карусель пікетаў» працягнецца, бо ёсць магчымасць аспрэчыць забарону ў судах.



399b58e7_068a_44d5_ba7e_6f0d42b5bf69_tv_w748_r1_s.jpg

Арцём Лява

«У каруселі паўдзельнічалі каля 20 чалавек, сярод якіх паэт Славамір Адамовіч, актывіст Яўген Батура, сябры Руху «За Свабоду», у тым ліку намеснікі старшыні Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец. Ніводны з іх не атрымаў ад Мінгарвыканкаму згоду на правядзенне пікету каля расійскай амбасады», — кажа сайту Pyx.by адзін з ініцыятараў кампаніі сябра рады руху Арцём Лява.

Пры гэтым, па ягоных словах, падводзіць вынікі «каруселі» ранавата. «Мы з юрыстам падрыхтавалі вялікі ліст у суд Маскоўскага раёну, каб кожны, хто атрымаў адмову, змог яе абскардзіць у судзе», — патлумачыў Лява.


Сябра рады Руху «За Свабоду» падкрэсліў, што ўсе ўдзельнікі кампаніі атрымалі фактычна аднолькавыя, быццам бы пад капірку напісаныя адмовы.

«Мы працягнем абараняць правы беларусаў на правядзенне акцыі салідарнасці», —  заключыў Арцём Лява.

Кампанію «Карусель пікетаў» актывісты Руху «За Свабоду» Арцём Лява і Алесь Марчанка распачалі ў пачатку верасня. Яны прапануюць кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты каля амбасады Расіі з патрабаваннем спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне. Да кампаніі далучыліся таксама іншыя актывісты, але ініцыятары прапануюць далучацца ўсіх ахвотных. Першыя заяўнікі Лява і Марчанка таксама атрымалі адмовы.

Намеснікі старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец атрымалі адмовы ў правядзенні адзіночных пікетаў з тым жа тлумачэннем, што і большасць іншых удзельнікаў: замінанне кіроўцам і шкода для зялёных насаджэнняў.

pyx.by