Усё менш літоўцаў лічаць Беларусь дружалюбнай краінай
Пра гэта сведчаць вынікі апытання грамадскай думкі, якое праводзілася Цэнтрам усходне-еўрапейскіх даследаванняў.
Няспынныя рознагалоссі па Беларускай АЭС у Астраўцы (БелАЭС) павялічваюць колькасць жыхароў Літвы, якія ацэньваюць Беларусь як недружалюбную дзяржаву.
"Скарацілася колькасць тых, хто лічыць Беларусь дружалюбнай дзяржавай — чатыры гады таму такіх было 55%, у 2020 годзе — 44%. Акрамя таго, за гэты час з 28% да 36% вырасла колькасць тых, хто лічыць Беларусь недружалюбнай дзяржавай", — гаворыцца ў даследаванні грамадскай думкі.
У апошні час крыху пагоршылася меркаванне грамадзян Літвы пра ЗША і Польшчу. Нягледзячы на тое, што тры чвэрці жыхароў Літвы (73%) лічаць ЗША сяброўскай дзяржавай, у 2016 годзе гэты паказчык быў на 12 пунктаў вышэй. Па дадзеных аналітыкаў цэнтра, гэты паказчык можа быць абумоўлены негатыўным стаўленнем да прэзідэнта гэтай краіны Дональда Трампа.
Стаўленне да Польшчы таксама пагоршылася — з 81% ў 2016 годзе да 74% у 2020 годзе.
Самай недружалюбнай краінай у адносінах да Літвы па-ранейшаму лічыцца Расія — у гэтым упэўненыя 68% рэспандэнтаў, сведчаць вынікі апытання. Усяго 13% жыхароў Літвы лічаць Расію сяброўскай Літве краінай.
Найбольш дружалюбнымі падчас апытання былі названыя Латвія (93%), Германія (87%), Эстонія (85%), Швецыя (84%) і Украіна (81%).
Апытанне праводзілася з 22 красавіка па 6 траўня па апытальніку, створанаму кампаніяй Spinter tyrimai. Па тэлефоне і інтэрнэце было апытана 1012 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 75 гадоў.
Паводле lrt.lt