Лукашэнка — пра COVID-19 у Мінску: магу вас павіншаваць, мы справіліся з бядой

7 ліпеня падчас сустрэчы з актывам Мінска Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра сітуацыю з каранавірусам у сталіцы, паведамляе Еўрарадыё

cororna.jpg

Паводле яго слоў, раніцай у аўторак старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава пазнаёміла яго з апошняй статыстыкай (яе з сярэдзіны вясны не агучваюць ў СМІ). «Я магу вас павіншаваць, што мы справіліся з гэтай бядой!», — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. Раней беларускі кіраўнік ужо заяўляў пра перамогу над каранавірусам у маштабе краіны. Пры гэтым штодня фіксуюцца новыя выпадкі заражэння, паміраюць людзі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Мінск з яго 2 мільёнамі жыхароў быў самым праблемным у апошнія месяцы. Аднак пераадолець праблемы дапамагла сістэма — дысцыпліна і кіраванасць у сферы аховы здароўя, сказаў ён.
Па словах беларускага кіраўніка, галоўным было не дапусціць панікі сярод беларусаў.
«Мы гэта з вамі пераадолелі, — працягваў Лукашэнка. — І дай бог, каб далей паволі. Нам трэба паволі сысці ад гэтай бяды і не дапусціць паўторнай эпідэміі».