SARS-CoV-2 заўсёды існаваў у чалавечай папуляцыі?

Каронавірус SARS-CoV-2, магчыма, з'явіўся не ў Кітаі, заявіў Том Джэферсан з Цэнтра доказнай медыцыны пры Оксфардскім універсітэце. Ён не выключыў, што вірус "драмаў" па ўсім свеце да таго часу, пакуль не ўзніклі спрыяльныя ўмовы для ўспышкі.

Мясакамбінаты могуць быць ідэальным асяроддзем для абуджэння каронавіруса, лічыць брытанскі эксперт. Фота: ЕРА .

Мясакамбінаты могуць быць ідэальным асяроддзем для абуджэння каронавіруса, лічыць брытанскі эксперт. Фота: ЕРА .

Агульнапрынятае меркаванне аб тым, што краінай паходжання каронавіруса SARS-CoV-2 з'яўляецца Кітай, можа аказацца памылковым. Такое меркаванне ў інтэрв'ю брытанскай газеце The Telegraph выказаў доктар Том Джэферсан з Цэнтра доказнай медыцыны пры Оксфардскім універсітэце.

Ён лічыць, што вірус заўсёды "драмаў" у чалавечай папуляцыі, а цяпер склаліся спрыяльныя абставіны для яго абуджэння.

Адной з умоваў можа з'яўляцца шчыльнасць насельніцтва. Да таго ж змянілася навакольнае асяроддзе, сказаў навуковец.

Ён звярнуў увагу на паведамленне іспанскіх экспертаў, якія вылучылі каронавірус у пробах сцёкавых вод, датаваных 12 сакавіка 2019 года. Аналагічнае паведамленне прыйшло з Бразіліі. Джэферсан лічыць, што фекальная перадача інфекцыі яшчэ недастаткова вывучаная.

Брытанскі эксперт таксама паказаў на ўспышкі COVID-19 на мясаперапрацоўчых прадпрыемствах, самая буйная з якіх адбылася ў Германіі ў чэрвені. Паводле DW, у раёне Гютэрсла за лічаныя дні захварэла больш за 2200 чалавек, большасць з якіх працавалі на мясакамбінаце Tönnies. Джэферсан сказаў, што на мясакамбінатах звычайна падтрымліваюць тэмпературу 4º С, што, па яго словах, з'яўляецца ідэальнай умовай для каронавіруса.

Пра ўспышку каронавіруса SARS-CoV-2 упершыню паведамілі ўлады Кітая ў снежні 2019 года. 11 сакавіка 2020 года Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла распаўсюджванне каронавіруса пандэміяй.

У даследаванні брытанскіх і французскіх навукоўцаў, якое было апублікаванае 5 траўня, гаварылася, што пандэмія COVID-19 пачалася паміж 6 кастрычніка і 11 снежня 2019 года, а распаўсюджванне віруса ў папуляцыі было імклівым на ўсіх кантынентах.

Паводле gordonua.com