Узяць удзел у нацыянальным падліку птушак можна з хаты

На выходных у Беларусі пройдзе традыцыйны падлік птушыных, ініцыяваны «Аховай птушак Бацькаўшчыны». Каб узяць у ім удзел можна з уласнае кватэры: дастаткова зрабіць на вакне кармушку і пакласці туды семак, арэхаў і несалёнага сала.  



sparrow.jpg

Арнітолагі заклікаюць падтрымліваць птушак падчас халадоў і прапануюць усім ахвотным прыняць у суботу і нядзелю удзел у традыцыйнай акцыі «Птушкі ля кармушкі». Для гэтага неабходна 16 і 17 студзеня палічыць віды і колькасць птушак на вашай кармушцы і даслаць дадзеныя грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Можна запоўніць спецыяльную форму на сайце ГА, даслаць паведамленне ў сацыяльных сетках або даслаць дадзеныя на адрас info@ptushki.org.

Сярод удзельнікаў, якія дашлюць вынікі сваіх назіранняў, АПБ разыграе 10 значкоў з выявамі зелянушкі, снегіра, палявой і дамавога верабʼя — тых птушак, які наведваюць кармушкі найчасцей.

Арнітолагі тлумачаць, што лепшы корм для верабʼёў — сланечнік. Сініцы і дзятлы з задавальненнем ядуць несалёнае сала, зелянушкі і попаўзні любяць ласавацца арахісам. То бок, чым больш разнастайнага корму насыпаць у кармушку, тым болей розных птушыных туды прыляціць.

Летась падчас акцыі беларусы налічылі на кармушках 25 відаў птушак. Часцей за ўсё беларусы бачылі вялікую сініцу (755 разоў), хатняга верабʼя (590), палявога верабʼя (567 разоў). Агулам удзельнікі акцыі падкармілі тады звыш 3 тысяч птушак.

2016 год АПБ абвясціла годам гагаліцы, але падкарміць яе наўрад ці ўдасца: гэтая качка адлятае зімаваць на Балтыйскае або Чорнае мора.

23 студзеня на зʼездзе АПБ адбудзецца выбар птушкі 2017 года. Галоўныя кандыдаты — каўка ды чайка-рыбачка.

belsat.eu