ААТ “Вялес-Міт” перадало дакументы на незалежную экалагічную экспертызу, некаторых не хапае

Патрэбных дакументаў на незалежную экалагічную экспертызу грамадскае аб’яднанне “Экадом” чакала больш за год.



images_cms_image_000036059.jpg

Фота 1wallpaper.net.

Неабходную дакументацыю яно запатрабавала ў лістападзе 2014 года. Згодна з заканадаўствам, фірма-заказчык “Вялес-Міт” павінна была цягам 20 рабочых дзён перадаць матэрыялы. Не дачакаўшыся іх, эколагі падалі ў суд на кампанію.

У судзе патрабаванні эколагаў аб спыненні дзейнасці “Вялес-Міт” не былі задаволеныя. Заказчык абяцаў, калі дакументы будуць падрыхтаваныя, іх перададуць на экалагічную экспертызу.

Дакументы тычацца толькі вёскі Соўлава

— Цяпер экспертная камісія атрымала архітэктурныя праекты, вынікі даследаванняў: гідраэкалагічнае, аховы навакольнага асяроддзя, ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і іншую дакументацыю, — расказвае Сяргей Магонаў, юрыст, які абараняў інтарэсы “Экадома”. — У той жа час, на грамадскую экалагічную экспертызу не прадстаўленыя вынікі грамадскага абмеркавання, справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, якое заказчык павінны быў бы правесці, улічваючы тое, што прадстаўленая справаздача датаваная лістападам 2015 года. Гэта значыць, што новае грамадскае абмеркаванне не праводзілася.

Праект тычыцца будаўніцтва толькі каля вёскі Соўлава.

Нагадаем, што першапачаткова абмяркоўвалася будаўніцтва двух свінакомплексаў на 100 тысяч свіней ля вёсак Мойсічы і Соўлава.

1 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб дзейнасці таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вялес-Міт”.  Паводле яго, як і планавалі, свінакомплекс будуць будаваць каля Соўлава. Другі паставяць каля Палачанаў замест Мойсічаў. Ён будзе не ў трох кіламетрах ад горада, а прыкладна ў 14-і. Аднак патрэбных дакументаў на будаўніцтва свінакомплексу каля Палачанаў “Экадом” не атрымліваў.

Незалежную экалагічную экспертызу свінакомплексу каля Соўлава будуць праводзіць пяць спецыялістаў:

Рыгор Фёдараў, юрыст, спецыяліст у галіне экалагічнага права, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, стаж працы — 14 гадоў.

Наталля Блышчык, інжынер-хімік-эколаг, спецыяліст па працы з адходамі, стаж працы — 6 гадоў.

Наталля Парэчына, біёлаг, мае вышэйшую біялагічную адукацыю, стаж працы — 26 гадоў.

Уладзіслаў Юркоў, магістр навук у галіне геалогіі.

Клара Раманава, вядучы эксперт Федэральнай службы па наглядзе ў сферы прыродакарыстання Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы “Цэнтр лабараторнага аналізу і тэхнічных вымярэнняў па Прыволжскай федэральнай акрузе”; спецыяліст у галіне ачысткі прыродных і сцёкавых вод і навакольнага  асяроддзя і прыродакарыстання, мае вышэйшую экалагічную адукацыю, стаж працы — 34 гады.

Экспертыза павінна скончыцца не пазней за 23 студзеня 2016 года.

Пасля таго, як спецыялісты падрыхтуюць заключэнне, яго можна будзе знайсці ў інтэрнэце.

Цяпер грамадскае аб’яднанне “Экадом” прымае заўвагі і прапановы ад грамадскасці. Адрас: Мінск. вул. Нававіленская, 38. Тэлефон: (8017) 3354725. email: ecohome.by@gmail.com.

www.rh.by