Узімку праваабаронца Судаленка дапамог з дровамі шматдзетнай вясковай сям’і. Следства назвала гэта «арганізацыяй пратэстаў»
Прыяцелька зняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі атрымала ад яго ліст. Ён піша, што яму прад’явілі канчатковае абвінавачанне, і расказвае пра сваю «віну», паведамляе «Радыё Свабода».
Праваабаронца ў гомельскім СІЗА-3 ужо 137 дзён. У лісце, датаваным 31 траўня, ён паведаміў, што з пачатку чэрвеня пачынае знаёміцца з матэрыяламі справы. Канчатковае абвінавачанне яму прад’явілі 28 траўня, па ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і фінансаванне масавых беспарадкаў»).
«Памятаеш, як я ўзімку дапамог дровамі вясковай шматдзетнай сям’і? Следства гэта палічыла арганізацыяй пратэстаў. Таму што потым, у лютым, іх тата быў асуджаны за ўдзел у пратэстах», — піша з турмы праваабаронца.
Сапраўды, узімку Леанід Судаленка размясціў у сваім Facebook допіс, дзе прасіў неабыякавых людзей дапамагчы вяскоўцам набыць дровы, бо іначай шматдзетную сямʼю паставілі б у «сацыяльна-небяспечнае становішча». Пазней галаву сямʼі асудзілі нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.
«Арганізацыяй масавых беспарадкаў» следства палічыла і допіс праваабаронцы ў Facebook з прапановай сустрэць з ізалятара часовага ўтрымання жыхарку Гомеля. «Гэта значыць, што я арганізаваў натоўп і хацеў яго кантраляваць», — піша ў лісце Судаленка.
Апроч яго, абвінавачаныя па гэтай справе яго памочніцы Марыя Тарасенка і Таццяна Ласіца. Марыя Тарасенка, паводле інфармацыі з ліста праваабаронцы, вінаватая ў «арганізацыі беспарадкаў», а менавіта ў тым, што «некалькі разоў пастаяла ў чарзе ў банку па яго просьбе».
Паводле праваабаронцы, крымінальная справа складае 50–60 тамоў. У абвінавачанні прапісана дапамога 346 асобам, якім дапамагаў Судаленка. «Уяві, калі іх усіх захочуць апытаць у судзе?» — піша ў лісце праваабаронца.
Пасля азнаямлення са справай яе перададуць у суд. Праваабаронца мяркуе, што суд пачнецца прыкладна ў сярэдзіне лета.
«Суд, потым перасуд... Да верасня, да майго 55-гадовага юбілею скончу тут судовыя справы і паеду ў лагер на некалькі гадоў, вывучаць паглыблены курс „турэмнага права“», — піша праваабаронца.
Ён жартуе, што «ў выпадку ўзнікнення форс-мажору ўгаворваць мяне вярнуцца дадому не давядзецца». «У мяне пачынаецца халоднае лета 2021, як і для ўсёй краіны», — дадае арыштаваны.
Яму не дазволілі спатканні з сям’ёй.
Вядомы праваабаронца, лаўрэат прэміі Французскай Рэспублікі «Свабода, роўнасць, братэрства» Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі» і «фінансаванні» масавых беспарадкаў (ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Так следства трактавала дапамогу праваабаронцы ўдзельнікам акцый пратэсту — юрыдычную і грашовую. Судаленка часткова дапамагаў людзям аплачваць штрафы. Ён кгаварыў, што робіць гэта з французскай прэміі (яна склала 15 тысяч еўра).