Экс-міліцыянта Дзмітрыя Кулакоўскага адправілі адбываць пакаранне на «хімію» наўпрост з «сутак»

 Ён зноў мае статус палітвязня, паведамляюць праваабаронцы.

kulakousky.jpg


Дзмітрыя Кулакоўскага абвінавацілі ў публічнай абразе службовай асобы ў сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў і прызначылі два гады «хіміі» па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса. 20 траўня былога міліцыянта затрымалі па адміністрацыйнай справе нібыта за непадпарадкаванне па арт. 24.3 КаАП і арыштавалі на 15 сутак.
У апошні дзень 15-сутачнага арышту, 4 чэрвеня, Дзмітрыя Кулакоўскага этапавалі ў папраўчую ўстанову №7.
Дзмітрый Кулакоўскі раней узначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Мінска. Працаваў у міліцыі з 2006 года, мае прафесійныя ўзнагароды і падзякі ад кіраўніцтва. Пасля выбараў ён заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўлады. У верасні прынялі яго рапарт на звальненне. А неўзабаве абвясцілі падазраваным па справе ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ).
У першы раз супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС затрымалі яго недалёка ад дома — за непадпарадкаванне» ён атрымаў 12 сутак арышту (арт. 23.4 КаАП). У знак пратэсту Дзмітрый праглынуў чатыры металічныя прадметы. Затым на яго склалі новы пратакол, зноў за «непадпарадкаванне», і далі ўжо 15 сутак.
Пасля амаль месяца арышту, 4 снежня, Кулакоўскі спрабаваў пакінуць Беларусь, але быў затрыманы на мяжы і дастаўлены ў ізалятар. Пераведзены ў СІЗА Жодзіна ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 369 КК. Яму прад'яўлена абвінавачанне.
22 студзеня 2021 года асуджаны да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову («хімія»). 
Падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе: выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпу №7, 225136, Пружанскі раён, в. Купліна.