Палітвязень Лявон Халатран паедзе на «хімію»

Сёння мужчыну выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Цэнтральнага раёна Мінска для пастаноўкі на ўлік.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Пра тое, што неўзабаве яму давядзецца ехаць на «хімію», палітвязень напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Яму да гэтага часу не паведамілі, дзе ён будзе абываць пакаранне, скажуць у гэтую пятніцу. Але ва ўказаную ўстанову Лявон павінен прыехаць да канца тыдня. Дабірацца да «хіміі» ён мусіць самастойна.


Мінскі гарадскі суд 30 красавіка пакінуў у сіле прысуд палітвязню Лявону Халатрану — два гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, так званай «хіміі». Пасля рашэння суда прайшло больш за месяц, і ўвесь гэты час палітвязень жыў у чаканні дня, калі яму давядзецца ехаць адбываць пакаранне.
— Па-першае, я ведаю, што многія атрымалі яшчэ большыя тэрміны ў больш жорсткіх умовах. Па-другое, я ўключаю свайго даследчыка і думаю, наколькі гэта будзе цікава — сустрэцца з рознымі слаямі грамадства і новым досведам. А па-трэцяе, я хачу паказаць, што гэта не страшна. Вы хочаце парушаць закон — добра, мы падпарадкуемся, але потым вы за гэта адкажаце. Я паеду і прайду праз гэта — людзі і большае праходзілі,выказваў сваё стаўленне да будучага пакарання Лявон у інтэрв'ю «Новаму Часу» неўзабаве пасля рашэння Мінгарсуда.
Лявон Аляксандравіч Халатран — валанцёр штаба Віктара Бабарыкі, кіраўнік «Ruin Bar Ok16».
11 жніўня Лявон выйшаў са сваёй кватэры на вуліцы Гая і быў затрыманы. Яму выставілі абвінавачанне па ч.2 арт. 293 КК РБ («Удзел у масавых беспарадках»). Некалькі дзён блізкім Лявона нічога не было вядома пра яго месцазнаходжанне. 14 жніўня яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і накіравалі на медыцынскую экспертызу ва ўпраўленне Следчага камітэта. Сям'я і сябры бачылі, як Лявон заходзіў у будынак, і былі гатовыя яго сустрэць, але ўстанова зачынілася, а Лявона так і не выпусцілі. Праз некалькі гадзін стала вядома, што меру стрымання змянілі на ізалятар. 9 кастрычніка была верагоднасць, что Халатрана адпусцяць пад асабістае даручальніцтва, але гэтага не адбылося.
Пазней артыкул Лявону Халатрану перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»). 19 лютага палітвязень асуджаны на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З прызначанага тэрміну Лявону засталося адбываць пакаранне крыху менш за год.