Палітвязня асудзілі да 3 гадоў калоніі за спаленне на Магілёўшчыне лялек-чыноўнікаў

Суд Магілёўскага раёна 7 чэрвеня асудзіў 46-гадовага палітвязня Дзмітрыя Лукашэвіча да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта). Мужчыну асудзілі за выраб і спаленне лялек, якія адсылаюць да службовых асоб Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і Лукашэнкі. Такі прысуд вынес суддзя Максім Курпачанка, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы "Вясны".

lukashevic_dm.jpg

У самым пачатку працэсу 4 чэрвеня дзяржаўны абвінаваўца хадайнічаў, каб працэс прайшоў у закрытым рэжыме, патлумачыўшы, што сведкамі па справе будуць праходзіць людзі, якія замяшаныя ў іншым эпізодзе «справы лялек». Суддзя задаволіў хадайніцтва – пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну прызналі вінаватым у вырабе і спаленні лялек, якія адсылаюць да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і Лукашэнкі. Як да гэтага стала вядома ад адной з фігурантак справы, якая пакінула Беларусь, Лукашэвічу ставілі ў віну спаленне лялек у пустэльным месцы паміж Магілёвам і вёскай Гаі.
Магілёўца з 2 сакавіка ўтрымлівалі пад вартай. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі яго палітвязнем.
Нагадаем, што трое іншых фігурантаў "справы лялек" па першым эпізодзе – палітвязні Сяргей Скок, Максім Сяргеенка і Вольга Клімкова – асуджаныя да 3-3,5 гадоў калоніі.
spring96.org