Віталь Сіліцкі: Мы выходзім на сумесь кітайскай мадэлі з НЭПам
Завяршыўся збор подпісаў. Гэты этап палітычнай кампаніі быў нязвыкла мяккім, ліберальным. Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, ажно адзінаццаць чалавек падалі неабходныя сто тысяч подпісаў. У апазіцыі нават з’явілася прывідная надзея на выхад з аўтсайдэрскай зоны. Краіну чакаюць змены палітычных элітаў ці трансфармацыя рэжыму? Наколькі трывалы грунт у новаствораных палітычных праектаў? На гэтыя пытанні ў размове з Вольгай Хвоін паспрабаваў знайсці адказы кіраўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі.
Завяршыўся збор подпісаў. Гэты этап палітычнай кампаніі быў нязвыкла мяккім, ліберальным. Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, ажно адзінаццаць чалавек падалі неабходныя сто тысяч подпісаў.
У апазіцыі нават з’явілася прывідная надзея на выхад з аўтсайдэрскай зоны. Краіну чакаюць змены палітычных элітаў ці трансфармацыя рэжыму? Наколькі трывалы грунт у новаствораных палітычных
праектаў? На гэтыя пытанні ў размове з Вольгай Хвоін паспрабаваў знайсці адказы кіраўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі.
— У ліпеньскім апытанні сацыялагічнай службы «Baltic Surveys» пры адказе на пытанне «Калі б у бліжэйшы час адбыліся новыя выбары прэзідэнта Беларусі,
за каго б вы прагаласавалі?» Аляксандра Лукашэнку назвалі 33% рэспандэнтаў. Пазіцыя не самая моцная.
— Я не лічу, што 33 працэнты ад агульнага электарату — гэта хісткая пазіцыя. Традыцыйна рэйтынг Лукашэнкі раздзімаўся перад выбарамі. Звычайна тыя, хто не вызначыўся, дзеляцца ў
суадносінах тых, што мелі жорсткую пазіцыю да выбараў. Напрыклад, 30% — «за», 10 — «супраць», 50 — не вызначыліся. То гэтыя 50 працэнтаў
падзяляюцца ў суадносінах 1 да 3. Калі б пачалі дзейнічаць сур’ёзныя кандыдаты, а настрой тых, хто не вызначыўся, быў нацэлены жорстка супраць дзейнай улады, то гэта б магло выклікаць зрухі.
Падобнай сацыяльнай напружанасці, што была ў 1990-я гады, тут няма. Таксама трэба памятаць, што выбарчая драматургія залежыць не столькі ад унутраных, колькі ад знешніх фактараў. Пасля таго, як стала
відавочна, што з Расіяй дамовіцца немагчыма, вырашылі трымаць курс на Захад. Цяпер мы назіраем пераход ад тактыкі наўпроставага і прымітыўнага ўздзеяння на апанентаў да карнавальнага аўтарытарызму.
Ствараецца бачнасць нейкай «дзвіжухі», драматургіі і, адпаведна, выбарчага працэсу. Канешне, гэта гульня небяспечная, бо заўжды можа пайсці не па правілах. Напрыклад, праз пяць,
дзесяць, пятнаццаць гадоў гэта можа выстраліць, можа з’явіцца рэальная, непрадказальная, эфектыўная апазіцыя. Але цяпер такога не маем, таму нішто не перашкаджае ўладам пагуляцца.
— Хто ж цяпер з’яўляецца электаратам Аляксандра Лукашэнкі?
— Ён захаваў пенсіянераў, гэта галоўнае. За яго галасуюць рабочыя і сяляне. Крышку больш, чым раней, за яго гатовыя галасаваць эліты. Гэта маўклівая большасць. У Амерыцы ў 1960 гадах было
многа пратэстаў, а людзі выбіралі кансерватараў, бо была маўклівая большасць, якая і вырашала лёс краіны.
— Цяпер падаецца, што апазіцыя мае шанец. Ці ёсць пад гэтымі спадзяваннямі грунт?
— Апазіцыі далі выхад у вызначаным накірунку. Пры аслабленым кантролі за зборам подпісаў сабраць сто тысяч подпісаў можа любы. Што па сутнасці і адбылося. Але гэта зраўняла палітычны капітал
і Някляева, і Саннікава, і Правальскага. Яны гуляюць па правілах улады. Ствараецца не структураванае палітычнае поле, а пясочніца. І выйсці «адзінаму» з канкрэтным мэсіджам,
праграмай у такім гармідары будзе складана. На падліку подпісаў усё застанецца па-старому. І мне цікава, якім чынам улады размяркуюць пазіцыі — хто будзе другім, трэцім, чацвёртым... Цяпер
улады маюць патрэбу раздзьмуць палітычную вагу бяспечных «карлікаў». І вось гэтыя «надзьмутыя» будуць нароўні з тымі, хто насамрэч працаваў. А нашая апазіцыя не
задумваецца пра такую тактыку. У камандах ёсць эйфарыя, адчуванне свабоды. У большасці на кандыдатаў працуюць маладыя людзі, якія не маюць вялікага досведу палітычных кампаній, не могуць параўнаць
сітуацыі. Зараз мы маем сцэнар падзей, які падобны да 2001 года.
Інерцыя натхнення дацягне да нейкага дзеяння ў дзень і пасля выбараў. Але потым непазбежна прыйдзе чарга задумацца: пакарнавалілі, і што далей? Пачнецца нудны міжвыбарчы перыяд, які прыносіць крызіс
фірмам-аднадзёнкам.
— У Беларусі з’явілася плеяда новых палітыкаў-кандыдатаў, але нават прозвішчы іх не кожны назаве. Ці ёсць верагоднасць у такіх умовах з’яўлення
«адзінага» кандыдата?
— Адзіны з’явіўся б тады, калі б быў жорсткі кантроль на стадыі збору подпісаў. Больш за два чалавекі і зараз не сабралі б сто тысяч подпісаў. Магчыма, гэта былі б Саннікаў, Някляеў
і Раманчук ці Кастусёў, якія маюць палітычныя структуры. Тады магла б выкрышталізавацца некантралюемая сапраўдная апазіцыя. Думаю, ёй бы сталі Саннікаў і Някляеў з раскладам, які быў паміж
Мілінкевічам і Казуліным.
— Калі б Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін увязаліся ў цяперашнюю кампанію, яны б выглядалі на галаву вышэй усіх кандыдатаў, ці іх час мінуў?
— Мілінкевіч і Казулін застаюцца самымі папулярнымі палітыкамі. Калі пасля выбараў яны захаваюць гэтыя пазіцыі, то будзе доказ таго, што ўся цяперашняя валтузня — усяго толькі пшык.
Палітыка — гэта не толькі рэйтынг, але і рэсурсы. Рэсурсаў абодва былі пазбаўленыя.
Сыход Аляксандра Казуліна з публічнай палітыкі можна зразумець у кантэксце абставін, праз якія ён прайшоў. Аляксандр Мілінкевіч зрабіў вялікую памылку — ён не паверыў, што людзі гатовыя на
яго працаваць без рэсурсаў, а яны былі гатовыя. Калі б Мілінкевіч удзельнічаў у выбарах, то іх драматургія была б іншай. Яго фігура не дазваляла б раздзьмувацца Саннікаву і Някляеву. Заўважце, да
верасня апазіцыйныя кандыдаты так ці інакш пазіцыянавалі сябе як адрозных ад Мілінкевіча. Потым ён знік, і некаторыя палітыкі сутыкнуліся з крызісам жанру — як сябе прадстаўляць, каму
супрацьпастаўляць.
— Чаго тэхналагічна не хапае цяперашнім патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты?
— Вялікае дасягненне гэтай кампаніі — вяртанне публічнай палітыкі. Калі на пікетах, сустрэчах людзі могуць адкрыта размаўляць пра палітыку. Выкарыстоўваюцца новыя інструменты працы,
спосабы прыцягнуць увагу. Гэтым збольшага займаецца адзін чалавек, а астатнія папросту не маюць грошай на паслугі паліттэхнолагаў. Разам з тым трэба зазначыць, што Уладзімір Някляеў не падрыхтаваны
да палітычнай, публічнай дзейнасці. Кожны яго выступ — гэта PR-катастрофа, якую каманда пасля мусіць разрульваць. Або з кандыдатам не працуюць, або людзі ў яго некампетэнтныя, або кандыдат
некантралюемы... Увогуле, палітычная структура ў Беларусі — гэта сеціва, тусоўкі знаёмых. Прафесійныя і напаўпрафесійныя рэвалюцыянеры. У гэтых сецівах людзі знаходзяцца па 15–20
гадоў і пераліваюцца з аднаго праекту ў другі.
— Феномен гэтай кампаніі — партыя БНФ. Яе сябры збіралі подпісы за свайго кандыдата за ідэю, а не за грошы. Магчыма, нашым палітструктурам трэба імкнуцца да такой мадэлі
працы?
— Яны малайцы. Палітычнае поле фарматуецца пад фірмы-аднадзёнкі. Для партый БНФ і АГП гэта кампанія была шанцам даказаць, што партыі маюць права на існаванне. Бо, з іншага боку, выглядае на
тое, што партыі не патрэбныя, калі ёсць рынак, дзе набываюцца людзі і медыя. Попыт на падобныя палітычныя праекты створаны знізу. Калі патрэбныя рэсурсы, то загадзя вядома, да каго звяртацца. У
партыях застаюцца ідэйныя, прынцыповыя людзі. Але іх няшмат, і збольшага яны са старэйшага пакалення.
— Каго б з кандыдатаў вы назвалі найбольш моцным супернікам Лукашэнкі?
— У цяперашніх умовах найбольш моцны той, хто мае добры PR-праект. Пакуль гэта Андрэй Саннікаў. Чаму не Някляеў, я тлумачыў раней. Але не выключаю і таго, што «стрэліць»
могуць, скажам, Яраслаў Раманчук ці Алесь Міхалевіч — яны добра артыкулююць свае думкі, нядрэнна падрыхтаваныя, маюць пэўную харызму, умеюць камунікаваць з людзьмі. Увогуле, складана
прадказаць, каго захоча народ. У 1993 годзе ніхто не мог падумаць, што Аляксандр Лукашэнка — той чалавек, якога чакае Беларусь. Цяпер усё ж ёсць патрэба ў новых тварах, новым палітычным
почырку. Някляеў і Саннікаў моцна падобныя на традыцыйныя вобразы інтэлігентнага беларуса. «Стрэляць» не тыя, хто мае намер пераманіць да сябе прыхільнікаў Лукашэнкі, бо гэта
немагчыма, а тыя, хто прапануе прывабную альтэрнатыву тым, хто хістаецца. Часткова гэта зрабіў у 2006 годзе Мілінкевіч, ён гуляў на кантрасце, але ўзніклі праблемы з палітычным менеджментам. Патрэбны
чалавек бескампрамісна новы. Смелыя эксперыменты цяпер вельмі дарэчы.
— Ці магчыма будаваць палітычную краіну без аглядкі на Расію?
— Усе кандыдаты так ці інакш імкнуцца прыцягнуць увагу Расіі. У Беларусі дзейнічаць на палітычным полі без аглядкі на ўсходнюю суседку немагчыма. Стаўленне можа быць любым, але не
ігнараваннем.
— Савет Еўропы зноў заявіў пра сваю гатоўнасць да паглыблення адносін з Беларуссю. Тактыка замарожвання санкцый працягнутая. У краіну з афіцыйным візітам прыязджала прэзідэнт
Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Гавораць, што Брусель такім чынам спрабаваў перадаць пасланне Лукашэнку. У перыяд, калі можа вызначыцца лёс краіны, якую пазіцыю заняла Еўропа?
— Візіт Грыбаўскайтэ выказаў пазіцыю Літвы, а не Еўрасаюза. Беларусь наведаў Сікорскі, яго намеснік спадар Літвін яшчэ два месяцы таму казаў, што Польшча мяняе сваю пазіцыю. «Мы не
зацікаўленыя з Беларуссю сябраваць супраць Расіі. Таму Лукашэнку трэба прыслухацца да голасу Еўрасаюза», — вось сэнс новай палітыкі Польшчы. Узровень зацікаўленасці ўсходняй
палітыкай рэзка ўпаў. Крызіс расійска-грузінскай вайны пераадолены. ЕС цалкам можа сабе дазволіць паўізаляцыю Беларусі. І пагрозы газавых канфліктаў цяпер намнога меншыя. Пяць гадоў таму кожны чых
тут выклікаў паніку. Еўропа з гэтым развіталася.
— Аляксандр Лукашэнка губляе знешні рэсурс падтрымкі, ужо страчаны інструмент маніпуляцыі. Цяпер варта чакаць самаізаляцыі ці краху рэжыму?
— Так, поле геапалітычных манеўраў скарацілася. Рэжыму трэба шукаць новыя інструменты ўплыву, новыя мадэлі развіцця, мадэрнізацыі, што дазволіла б захаваць статус-кво. Думаю, мы выходзім на
сумесь кітайскай мадэлі з НЭПам. Прыватны бізнес лібералізуецца, ствараецца інвестыцыйны сектар. Каб карміць апарат кіравання, трэба нарасціць долю замежных інвестараў, і над гэтымі праблемамі рэжым
будзе біцца цягам бліжэйшых гадоў.