Ва Украіне анансавалі «вялікае будаўніцтва» межаў з Беларуссю і Расіяй
Міністр унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што на працягу 2022-2023 гадоў Украіна павінна пабудаваць дзяржаўную мяжу з Расіяй і Беларуссю, паведамляе прэс-цэнтр МУС.
«Мы цяпер іншыя, чым восем гадоў таму. Дзяржава прыкладзе ўсе намаганні і фінансы, каб уладкаваць нарэшце ўчастак мяжы з Расіяй і Беларуссю. У наступным годзе павінна быць «вялікае будаўніцтва межаў», — сказаў ён.
Манастырскі анансаваў будаўніцтва новых інжынерных збудаванняў, да праектавання якіх прыцягнуць экспертаў, каб стварыць «новую інтэлектуальную мяжу». Кіраўнік МУС адзначыў, што для поўнага ўладкавання межаў неабходна 17 мільярдаў грыўняў, Міністэрства ўжо звярнулася да ўрада з патрабаваннем закласці гэтую суму ў бюджэт 2022 года.
Манастырскі падкрэсліў важнасць гэтага пытання цяпер — у сувязі з міграцыйным крызісам у Афганістане, Беларусі і Балтыйскіх краінах. Ён дадаў, што Украіна нядаўна перадала Літве гуманітарную дапамогу — 38 тон калючага дроту.
reform.by