Адзін з найбуйнейшых украінскіх аўтатрэйдэраў адмовіўся ад паставак тэхнікі з Беларусі
Украінская кампанія з замежнымі інвестыцыямі «Автоінвестстрой-Брок» адмовілася ад паставак беларускай грузавой і пасажырскай тэхнікі.
Адначасова кампанія, якая з’яўлялася афіцыйным дылерам Мінскага аўтамабільнага заводу, адмовілася і ад сваёй судовай позвы да Міністэрства эканомікі Украіны і Міжведамаснай камісіі ў пытаннях міжнароднага гандлю ў сувязі з увядзеннем мыта ў памеры 35 адсоткаў на пастаўку пасажырскага, грузавога і сельскагаспадарчага транспарту з Беларусі, перадае Радыё Свабода.
Сёлета ў ліпені кампанія «Автоінвестстрой-Брок» падтрымала пазоў украінскага прадпрыемства з замежнымі інвестыцыямі «Гандлёвы дом “МАЗ-Україна”» з патрабаваннем прызнаць супрацьпраўным рашэнне аб ўвядзенні мыта і скасаваць адпаведнае рашэнне міжведамаснай камісіі.
Адмову ад судовага пазову да Міністэрства эканомікі Украіны і Міжведамаснай камісіі ў пытаннях міжнароднага гандлю кампанія патлумачыла тым, што «ў далейшым не мае намеру імпартаваць з Беларусі колавыя транспартныя сродкі».
Кампанія «Автоінвестстрой-Брок» уваходзіць у склад групы кампаній «АіС», якую ва Украіне звязвалі з колішнім дэпутатам ад Партыі рэгіёнаў Дзмітрыем Святашам. «АіС» кантралюе больш 12% аўтамабільнага рынку Украіны і лідзіруе ў большасьці рынкавых сегментаў.
Адметна, што сярод ўласнікаў кампаніі «Автоінвестстрой-Брок» фігуруе тая ж кіпрская кампанія, што і ў выпадку з прыватнай кампаніяй «Укравтоторг», праз якую кіеўскія гарадскія ўлады ў 2020 годзе набылі ў лізінг 200 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага заводу.
Сёлета ў красавіку Міжведамасная камісія Украіны ў пытаннях міжнароднага гандлю ўвяла абмежаванні на пастаўку з Беларусі грузавога, будаўнічага, пасажырскага і спецыяльнага аўтамабільнага транспарту. У прыватнасці, на ўвоз гэтай прадукцыі ўвялі мыта ў памеры 35 адсоткаў ад мытнай вартасьці пастаўкі. Раней большасць відаў гэтага транспарту пастаўлялася ва Украіну ўвогуле без мыта.
Аднак у траўні Акруговы адміністрацыйны суд Кіева на пазоў украінскага прадпрыемства з замежнымі інвестыцыямі «Гандлёвы дом “МАЗ-Україна”» спыніў дзеянне рашэння аб увядзенні мыта на ўвоз беларускай аўтамабільнай тэхнікі. Да канца разгляду справы ў судзе гэтыя абмежаванні прымяняцца не будуць.