Валянціна Каваленка: гульня ў дэмакратыю скончылася 11 кастрычніка
У Беларусі гульня ў дэмакратыю скончылася 11 кастрычніка — у дзень выбараў кіраўніка дзяржавы. Так бабруйчанка Валянціна Каваленка ацаніла паводзіны чыноўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія 25 лістапада катэгарычна адмовіліся прымаць актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

У інтэрвью карэспандэнту НЧ жанчына апавяла, што 5 лістапада актывістаў ініцыятывы адмовіўся прымаць намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валер Міцкевіч. Прычым, пісьмовая адмова ў прыёме была падпісаная начальнікам галоўнага ўпраўлення па рабоце з зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў прэзідэнцкай адміністрацыі Станіславам Буко.
“Паколькі гэтая адмова не была матываваная, дзесяць актывістаў ініцыятывы і прыйшлі да спадара Буко ў дзень, калі ён асабіста прымае грамадзянаў. Аднак гэты высокапастаўлены чыноўнік адмовіўся з намі размаўляць, хоць перад прэзідэнцкімі выбарамі супрацоўнікі адміністрацыі рабілі выгляд, што маюць намер разабрацца з праблемай адпісак, якія мы атрымліваем з дзяржаўных органаў на свае звароты”, — сказала спадарыня Валянціна.
Яна нагадала, што для вырашэння праблемы адпісак ў ліпені бягучага году Адміністрацыя прэзідэнта нават стварыла адмысловую рабочую групу і актывістаў ініцыятывы прыняў намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Валер Міцкевіч.
“Аднак насамрэч нічога канкрэтнага чыноўнікамі Адмістрацыі прэзідэнта не было зроблена і ўсё абмежавалася толькі размовамі пра неабходнасць вырашэння праблемы адпісак. Вось чаму мы зноўку выйдзем на пікетаванне. І рабіць нас гэта вымушаюць менавіта чыноўнікі прэзідэнцкай адміністрацыі”, — падкрэсліла Валянціна Каваленка.