Валянціна Каваленка: Суд адмовіў не нам, а Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Суд Бабруйскага раёну і горада Бабруйск Магілёўскай вобласці ў чацвёрты раз запар адмовіў заяўнікам у праве правядзення пікетавання ў цэнтры Бабруйску. Менавіта такое рашэнне прыняла суддзя Алена Манкевіч, паведаміла ў інтэрвью НЧ бабруйчанка Валянціна Каваленка.



constitution.jpg

Яна распавяла, што 9 красавіка разам з бабруйчанкай Любоўю Санкевіч яны звярнуліся да гарадскіх ўладаў з заяўкай на правядзенне 2 траўня ў цэнтры Бабруйску пікетавання групай грамадзянаў у колькасці сем чалавек. Прычым выбранае месца поўнасцю адпавядала патрабаванням Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Людзі збіраліся выйсці на пікетаванне з плакатамі: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!” , “Чыноўнікі кіруюцца не Канстытуцыяй, а ўласнымі ўяўленнямі”, “Чыноўнікі суду і пракуратуры, дайце адказы на нашыя пытанні!”.
Паколькі заяўнікі атрымалі фармальную адмову, грамадзяне звярнуліся ў суд. Аднак, на думку Валянціны Каваленкі, суд з самага пачатку стаў на бок уладаў і ў чарговы раз не дапусціў у грамадзянскі працэс прадстаўніка заяўнікаў, нягледзячы на тое, што права грамадзянаў на свайго прадстаўніка ў судзе прадастаўлена Канстытуцыяй і Грамадзянска-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусі, а таксама растлумачана пастановай пленуму Вярхоўнага суду краіны.
Паводле словаў жанчыны, паколькі заяўнікі засталіся без юрыдычнай дапамогі, яны вымушаныя былі пакінуць залу судовых пасяджэнняў пасля таго, як Алена Манкевіч не задаволіла заяву грамадзянаў аб адводзе суддзі. “Прычым суддзя вынесла сваё рашэнне нават без разгляду ўсіх нашых патрабаванняў. Апроч таго, складваецца ўражанне, што Алена Манкевіч проста спісала сваё рашэнне з пастановаў мінулых судоў, якія разглядалі нашыя скаргі”, -- сказала Валянціна Каваленка.
Яна нагадала, што з пачатку бягучага году заяўнікі правялі чатыры працэсы супраць уладаў Бабруйску ў сувязі з адмовамі ў правядзенні пікетавання. На меркаванне жанчыны, усе мясцовыя суддзі – Марына Шэлягіна, Віялета Закржэўская і Алена Манкевіч – аднолькава непаважліва ставіліся да Канстытуцыі, Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі, а таксама да пастановы пленуму Вярхоўнага суду краіны. “І гэта сведчыць пра тое, што кар’ера і добрабыт гэтых суддзяў аніяк не залежаць ад добрасумленнага выканання сваіх прафесійных абавязкаў у межах айчыннага заканадаўства”, -- заявіла Валянціна Каваленка.
Яна паведаміла, што зараз Бабруйскі гарвыканкам разглядае пятую заяўку жыхароў гораду на правядзенне ў цэнтры Бабруйску пікетавання ў абарону грамадзянскіх правоў на атрыманне адказаў па сутнасці на звароты людзей.