Валянцін Стэфановіч: «Нечаканасцю гэта ў нас не стала»
Для беларускага дэмакратычнага грамадства, магчыма, пэўнай нечаканасцю сталі апошнія затрыманні падчас святкавання Дня Волі.
Затрымалі ў тым ліку рок-музыкаў, Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча, Паўла Аракеляна. І гэта ў той час, калі ідуць размовы аб „мяккай беларусізацыі і лібералізацыі”, якую праводзяць улады.
У размове з карэспандэнтам “Радыё Рацыя” супрацоўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч прааналізаваў гэты апошні ўсплёск рэпрэсіяў.
— Нечаканасцю гэта ў нас не стала, бо, па вялікаму рахунку, нічога ў нас не змянілася. Я маю на ўвазе сітуацыю з рэалізацыяй мірных сходаў. І гэта якраз красамоўнае таму пацверджанне. Таму што ў прынцыпе такое нават і цяжка кваліфікаваць як мерапрыемства, што трапляе пад рэгуляванне закона аб масавых мерапрыемствах.
Але тым не менш улада лічыць, што нават калі ты на вуліцы граеш на гітары і спяваеш песні, і гэта ўсё адбываецца 25 сакавіка, то ўжо гэта мае прыкметы несанкцыянаванага сходу. Таму атрымалася такая ну «ідыёцкая», я бы сказаў, сітуацыя, калі затрымалі музыкаў, якія нават граць яшчэ не пачалі. Затое, што яны нібыта ледзь не арганізатары несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Таму гэта яшчэ раз падкрэслівае, што збірацца ў нас, як і раней, немагчыма мірна, нават паспяваць песні ў нейкі святочны дзень. І тут, у прынцыпе, мы нават нічому і не здзівіліся. Людзей трымаюць пад вартай да 3 сутак, а потым даюць вялікія штрафы.
Фактычна атрымліваецца падвойнае пакаранне. Улады пачалі
дзейнічаць троху больш тонка. Але сутнасць ад гэтага не змяняецца. Правы
грамадзянаў як парушаліся, так і парушаюцца,
— лічыць Валянцін Стэфановіч.
www.racyja.com