Віцебскі помнік Караткевічу збіраюцца перанесці, каб пашырыць дарогу
Прычына — будоўля новага Паўночнага моста, якая закране раён забудовы вуліцы Чэхава і сквера каля плошчы Леніна.
Пра перспектывы пераносу распавёў Віталь Дубік, галоўны архітэктар Віцебску, адказваючы на пытанні чытачоў газэты «Віцьбічы».
Паводле ягоных словаў, помнік Уладзіміру Караткевічу, усталяваны ў 1994 годзе на скрыжаванні вуліц Чэхава і Суворава, дэмантуюць і перанясуць у іншае месца — глыбей у сквер, які
пачынаецца ад плошчы Леніна і ідзе да ўзбярэжжа Дзвіны. З нядаўняга часу ён называецца «Скверам у гонар 70-годздзя заснавання Віцебскай вобласці», пра што сведчыць шыльда на камені
пасярэдзіне цэнтральнай алеі. Як кажа спадар Дубік, недзе на гэтай самай «восі, якая пралягае ад будынку філармоніі да Дзвіны», знойдзецца месца і перанесенаму помніку, і новаму
Сафійскаму сабору, які плянуюць узвесці ў Віцебску. «Вось», пра якую кажа спадар Дубік, — гэта забрукаваны адрэзак цэнтральнай алеі. А дзе брукаванка сканчаецца, там
прасціраецца вялізны кавалак неўпарадкаванай тэрыторыі.
Дарэчы, паводле галоўнага віцебскага архітэктара, пераносіць будуць і яшчэ адзін культурны аб’ект — будынак, у якім месціцца музэй Міная Шмырова, помнік архітэктуры пачатку 20
стагодзьдзя. Яго таксама перанясуць і адновяць «недзе на тэрыторыі скверу».
Помнік Уладзіміру Караткевічу ўжо пераносілі, матывуючы гэта «перспэктыўным развіццём гораду», — у Воршы. Гэта адбылося напярэдадні «Дажынак-2008».
Якраз на гэтым месцы пастанавілі збудаваць прыбіральню ў рэканструяваным Прыдняпроўскім парку. Пасьля рэканструкцыі парк стаў называцца дзіцячым. І помнік пісьменьніку-земляку, зроблены скульптарам
Ігарам Голубевым, «перасялілі» ў атачэнне «мульцяшных» пэрсанажаў — кракадзіла Гены, Чабурашкі, Нязнайкі ды іншых, паміж гушкалак, арэляў ды іншых
забавак.
Ніякіх грамадскіх абмеркаванняў наконт пераносу помнікаў ні тады ў Воршы, ні цяпер у Віцебску не праводзілася.
Паводле "Радыё Свабода"